Уладальнікам скутэраў ДАІ прапаноўвае атрымаць правы кіроўцаў

Як стала вядома Еўрарадыё, для таго, каб перасесці з тралейбуса на квадрацыкл, дастаткова мець правы кіроўцы катэгорыі “А” – для кіравання матацыклам. А ў некаторых выпадках не патрэбныя і яны. Да таго ж, правілы не забараняюць ездзіць на квадрацыклах альбо скутэрах хоць па цэнтральным праспекце Мінску. Як патлумачыла Еўрарадыё кіраўнік аддзела агітацыі і прапаганды ДАІ Мінгавыканкама Жана Трайно, усё залежыць ад аб’ёму рухавіка гэтых транспартных сродкаў і хуткасці, з якой яны могуць рухацца. Калі аб’ём большы за 50 кубічных сантыметраў і хуткасць іх можа быць большай за 50 кіламетраў у гадзіну – скутэры і квадрацыклы “перайменоўваюць” у матацыклы і патрабуюць мець правы катэгорыі “А”.

Жана Трайно: “Матацыклам называецца транспартны сродак з аб’ёмам рухавіка больш за 50 “кубікаў” і хуткасцю звыш 50 кіламетраў за гадзіну. А на ўсё, што трапляе пад тэрмін матацыкл, неабходна атрымліваць правы кіроўцы катэгорыі “А”. Усе астатнія, у якіх аб’ём і хуткасць менш, лічацца мапедамі”.

А на тыя скутэры ды квадрацыклы, якія ДАІ называе мапедамі, ніякіх правоў кіроўцы не трэба. Іншая справа, што сёння нават тыя транспартныя сродкі, якія вытворцы называюць мапедамі, маюць і аб’ём рухавіка, і хуткасць большую за абмежаваныя 50 “кубікаў” ці кіламетраў. Таму, па словах супрацоўніцы мінскай ДАІ, давядзецца ў хуткім часе пераглядаць заканадаўства і Правілы дарожнага руху.

Жана Трайно: “Цяпер шмат мапедаў, у якіх хуткасць канструктыўная зусім не 50 кіламетраў за гадзіну. Таму, хутчэй за ўсё, будуць уносіцца прапановы аб зменах у заканадаўстве і Правілах дарожнага руху”.

Па яе словах, скутэры і квадрацыклы выкарыстоўваюцца людзьмі для актыўнага і нават экстрэмальнага адпачынку на прыродзе і ў мясцовасцях складанай праходнасці. На вуліцах горада яны не сустракаюцца. Але, калі нават хтосьці і вырашыць праехаць на квадрацыкле па сталічным праспекце, інспектары праследаваць яго не кінуцца, – Правіламі гэта не забараняецца.

Еўрарадыё звярнулася да кіраўніка “Школы экстрэмальнага кіравання аўтамабілем” Сяргея Аўчыннікава, каб разабрацца, наколькі квадрацыкл альбо скутэр складаныя і небяспечныя ў кіраванні транспартныя сродкі. Па яго словах, асабліва страшнага ў іх нічога няма, але крыху павучыцца імі кіраваць не зашкодзіць. Нават тым, у каго ёсць свой аўтамабіль.

Сяргей Аўчыннікаў: “Павучыцца было б нядрэнна. Таму, што яны бліжэй да матацыкла, чым да аўтамабіля. І кіроўцу аўтамабіля для таго, каб перасесці на квадрацыкл неабходна толькі пераздаць іспыт па кіраванні. Але перш, чым адразу ехаць, пажадана паспрабаваць на нейкай закрытай пляцоўцы, каб адчуць, як ім кіраваць. Усё ж такі, гэта экстрэмальныя транспартныя сродкі, бо яны ствараюць экстрэмальныя ўмовы для кіроўцы”.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі