Удзельнікі велапрабегу ў Смаргоні расказваюць пра сваё затрыманне

Удзельнікі велапрабегу​
Удзельнікі велапрабегу​

Велапрагулку, на якую жыхары Смаргоні выехалі 14 ліпеня, мясцовая міліцыя палічыла несанкцыянаваным масавым мерапрыемствам. Праз пару дзён семярых раварыстаў выклікалі ў РАУС для апытання, а 23 ліпеня ўручылі пратаколы.

Па словах удзельніка заезду Аляксандра, маршрут велапрабегу загадзя ніхто не планаваў. У міліцыі яму расказалі, што, уласна, да перамяшчэння па горадзе на ровары прэтэнзій у сілавікоў няма.

— Пытанне толькі да таго, што пасля велазаезду ў чаце "Сморгонь для жизни" апублікавалі фатаграфію і подпіс. Было напісана "Сябры, ганаруся тым, што мы разам пакаталіся, і міліцыянеры могуць з намі ездзіць, але мы ўсё роўна разам", вось у такім духу. Яны сказалі, што гэта можа расцэньвацца як тое, што ў нас была нейкая мэта, — расказвае ён Еўрарадыё.

Удзельніца велапрабегу Аліна расказвае, што прагулку ніхто не арганізоўваў. 14 ліпеня яна планавала выехаць у горад на ровары па сваіх справах, калі ўбачыла аб'яву пра заезд у "Тэлеграме".

— Думаю, чаму б і не пад'ехаць, паглядзець, што там адбываецца? І мы праехалі пару кругоў па горадзе. Машына ДАІ пастаянна ездзіла за намі. Куды мы — туды і яны. Мы ехалі без усялякіх лозунгаў. Хтосьці ўключыў музыку. Ціха і спакойна, нікому не перашкаджалі, ехалі па тратуары.

На плошчы, дзе планавалі збірацца людзі, ужо стаяла машына ДАІ. Потым на лаўку на плошчы сеў чалавек з камерай і стаў здымаць мяне і ўсіх навакольных. Я хацела падысці да яго і спытаць, маўляў, што вы робіце, хіба гэта дазволена? Але падумала: добра, можа, гэта аматар нейкі здымае.

14 ліпеня раварыстаў усё-ткі спынілі — нібыта паступіў званок з крамы, у якой яны куплялі спіртныя напоі.

— Праз пару дзён мне тэлефануе супрацоўнік і кажа: "Вы павінны з'явіцца ў РАУС. Вы з'яўляецеся ўдзельнікам несанкцыянаванага мерапрыемства. Вы былі ўдзельнікам велазабегу", — працягвае дзяўчына. — У РАУС складалі пратакол апытання — каго я ведаю, якія мы выкрыквалі лозунгі, хто да нас далучыўся, якая іграла музыка.

"Вы зафіксаваныя на ўсіх відэакамерах горада"

Участники велопробега в Сморгони рассказывают о своём задержании
На ўдзельнікаў прагулкі склалі пратаколы за парушэнне парадку арганізацыі або правядзення масавых мерапрыемстваў

23 ліпеня дзяўчыну выклікалі позвай у РАУС. Там яна ўбачыла справу на сябе — "сапраўдны том".

— У пратаколе я пазначыла, што ніякія правы мне не былі растлумачаныя. За намі ехалі па пятах супрацоўнікі міліцыі, яны павінны былі нас папярэдзіць пра тое, што гэта несанкцыянаванае мерапрыемства. У пратаколе напісана: "Узяла актыўны ўдзел". Які актыўны ўдзел? Я праехала два кругі і з'ехала дадому. Ніякіх лозунгаў, ніхто нічога не выкрыкваў ніхто да нас не далучыўся, ніхто нікога не агітаваў — ціхае-мірнае катанне на роварах.

Дзяўчыну абурыла і тое, што ў міліцыі ў многіх удзельнікаў забралі смартфоны.

— У кагосьці састарэлыя бацькі, у кагосьці дзеці маленькія, як можна застацца без сувязі? На падставе чаго ў нас забіраюць мабільныя тэлефоны? Напэўна, спрабуюць знайсці што-небудзь яшчэ...

— З намі размаўляў намеснік начальніка Смаргонскага РАУС Руслан Ткачоў. На пытанне пра тое, чаму гэта лічыцца масавай акцыяй і як па горадзе можна пагуляць "санкцыянавана", ён адказаў: "Не парушайце закон. Няведанне закона не вызваляе ад адказнасці", — расказвае Аляксандр. — Ён спытаў, дзе працуюць бацькі, маўляў, яны могуць перажываць і ім можа быць непрыемна, калі прыедуць наконт сына. З намі ў велазаездзе ўдзельнічала дзяўчына з мужам, у іх трое дзяцей. Ім намякалі, што калі бацькоў затрымаюць, то як жа дзеці будуць? Намякалі на сацыяльна небяспечнае становішча.

Суд над удзельнікамі велапрагулкі ў Смаргоні пройдзе на працягу 15 дзён. Еўрарадыё будзе сачыць за развіццём падзей.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі