Вы тут

Удзельніца Pussy Riot уцякла з Масквы праз Беларусь, апрануўшыся кур'ерам

Марыя Алёхіна і Люся Штэйн прымяраюць касцюм службы дастаўкі / The New York Times

Удзельніца гурта Pussy Riot, сузаснавальніца сайта "Медыязона", праваабаронца Марыя Алёхіна ўцякла з Расіі праз Беларусь, пераапрануўшыся кур'ерам. Пра гісторыю яе ўцёкаў піша The New York Times.

Алёхіну затрымалі ў Маскве напрыканцы студзеня 2021 года, пасля пратэстаў у падтрымку Аляксея Навальнага. Яе, як і іншых актывістаў, абвінавацілі па так званай "санітарнай справе": нібыта, людзі выйшлі на масавую несанкцыянаваную акцыю падчас каранавірусных абмежаванняў, што пагражала распаўсюдам захворвання. У верасні актывістцы прысудзілі год "хатняй хіміі".

Потым дзяўчыну двойчы адпраўлялі на "суткі". А 21 красавіка за парушэнні падчас адбыцця пакарання суд вырашыў замяніць ёй абмежаванне волі на пазбаўленне волі. У калоніі Алёхіна мусіла адбыць 21 дзень.

Яна не прыйшла на суд, а 26 красавіка дзяўчыну абвясцілі ў вышук.

Цяпер высветлілася, што яна здолела ўцячы. У Маскве Алёхіна жыла амаль пад хатнім арыштам: насіла электронны бранзалет, кватэра сяброўкі, у якой яна жыла, была пад пастаянным наглядам сілавікоў. Каб выйсці з дома незаўважанай, яна зняла бранзалет і пераапранулася ў форму кур'ера службы дастаўкі ежы Delivery Club. Свой тэлефон яна пакінула дома.

Раней гэтак жа паступіла ўдзельніца Pussy Riot Люся Штэйн, з якой сустракаецца Алёхіна.

Сябры давезлі Алёхіну на мяжу з Беларуссю, адкуль яна дабралася да літоўскай мяжы. Хаця пры сабе ў яе не было замежнага расійскага пашпарта, дзяўчына двойчы спрабавала перасячы мяжу легальна. Першы раз беларускія памежнікі пратрымалі яе шэсць гадзін і адмовіліся прапусціць, другі раз ёй адмовілі адразу.

Сябры дапамаглі ёй атрымаць Еўрапейскі праязны дакумент, які даваў ёй статус, роўны з грамадзянамі ЕС. У чаканні дакумента Алёхіна хавалася ў Беларусі, пазбягаючы гатэляў, каб яе не знайшлі. З еўрапейскім дакументам яна легальна выехала рэйсавым аўтобусам. Дзяўчына кажа, што памежнікі ставіліся да яе іначай, калі лічылі яе "еўрапейкай", а не рускай.

Нейкі час Алёхіна прабыла ў Вільні, дзе да яе далучыліся іншыя ўдзельніцы Pussy Riot. Цяпер яны знаходзяцца ў Ісландыі і плануюць тур па Еўропе, каб сабраць сродкі для Украіны.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.