Вы тут

Уцячы да сваіх: з чым сутыкаюцца палітэмігранты ў постсавецкіх краінах

Палітэмігранты ў постсавецкіх краінах / ілюстрацыя Дзіяны Петрыяшвілі

У апошняе дзесяцігоддзе дзяржавы постсавецкай прасторы падзяліліся на краіны, адкуль уцякаюць грамадзяне, якія падпадаюць пад палітычныя рэпрэсіі, — і куды яны ўцякаюць. Палітычныя рэжымы ў Азербайджане, Беларусі і Расіі працягваюць выціскаць усіх, хто не згодны з наяўным становішчам спраў у гэтых краінах. Дастаткова проста любіць сваю бабулю і даглядаць яе, калі яна захварэла на COVID-19, а потым проста расказаць, што адбывалася ў лякарні, каб чалавека пачалі пераследаваць.

Многія ўцекачы выбіраюць сваім прытулкам Украіну, Грузію і краіны Балтыі.

Найбольш масавай за апошнія два гады стала эміграцыя з Беларусі. Пасля задушэння беларускімі ўладамі пратэстаў, выкліканых фальсіфікацыяй прэзідэнцкіх выбараў 2020 года, усё больш грамадзян Беларусі не толькі не бачаць будучыні ў гэтай краіне, але і асцерагаюцца крымінальнага пераследу.

У фільме "Сем шляхоў" журналісты Еўрарадыё расказалі гісторыі беларускіх эмігрантаў, якія вырашылі пакінуць радзіму пасля падзей 2020 года.

Папера супраць чалавека

Украіна, Грузія, Літва, Латвія і Эстонія выглядаюць прывабна для палітычных эмігрантаў таму, што там усё яшчэ памятаюць рускую мову, у гэтых краінах жывуць знаёмыя і сваякі, а таксама больш зразумелая бюракратычная сістэма дзяржаўнага ладу, атрыманая ў спадчыну гэтымі краінамі ад савецкіх часоў. Акрамя таго, паміж Украінай і Грузіяй у Расіі, Беларусі і Азербайджана ёсць асаблівыя рэжымы, якія прадугледжваюць спрашчэнне атрымання візы.

Аднак пасля таго як грамадзянін Расіі, Беларусі ці Азербайджана трапляе на тэрыторыю Украіны, як правіла, ён сутыкаецца з перашкодамі, якія ўскладняюць працэс атрымання віду на жыхарства ці іншага спосабу легалізацыі ў гэтай краіне. Часцей за ўсё чалавек надоўга застаецца без пасведчання асобы, а значыць, не можа скарыстацца дзяржаўнай медыцынскай дапамогай, знайсці жыллё і працу.

Пра праблемы палітычных эмігрантаў ва Украіне чытайце ў матэрыяле Грамадскага "Як палітэмігранты легалізуюцца ва Украіне".

Фальшывае пачуццё бяспекі

На першы погляд здаецца, што палітычныя ўцекачы пасля перасячэння мяжы аказваюцца ў бяспецы. У сапраўднасці гэта не зусім так. Як паказала практыка, для спецслужбаў Расіі, Азербайджана і Беларусі тэрыторыі Грузіі і Украіны аказваюцца празрыстымі. Так, напрыклад, у жніўні 2021 года ў Кіеве быў знойдзены павешаным 26-гадовы кіраўнік некамерцыйнай грамадскай арганізацыі "Беларускі дом ва Украіне" Віталь Шышоў. Паплечнікі актывіста кажуць пра тое, што ў іх ёсць падставы лічыць, што смерць Шышова — палітычнае забойства. Аднак вынікаў расследавання гэтай смерці ўкраінскія ўлады да гэтага часу не агучылі. Акрамя таго, суды і праваахоўныя органы краіны падыходзяць да разгляду спраў палітычных уцекачоў фармальна і могуць выдварыць прэтэндэнта на статус уцекача таму, што на радзіме яго абвінавачваюць у крымінальным злачынстве. Важна памятаць, што ў Беларусі і Расіі крымінальныя абвінавачанні ў хуліганстве або спробе дзяржаўнага перавароту выстаўляюць удзельнікам мітынгаў. Часам сілавыя органы наўпрост супрацоўнічаюць з краінамі — пастаўшчыкамі палітычных уцекачоў. Так адбылося з апазіцыйным журналістам Афганам Мухтарлы, які быў затрыманы ў цэнтры Тбілісі і адпраўлены ў Азербайджан.

Пра тое, што палітычныя ўцекачы не адчуваюць сябе ў бяспецы на тэрыторыі Грузіі і Украіны, глядзіце ў відэа Meydan.tv.

Дарожная мапа для палітычнага ўцекача

Пакуль найбольш бяспечным кірункам для палітычнай эміграцыі выглядаюць краіны Балтыі. Акрамя звароту па палітычнае прыстанішча, у гэтых краінах можна легалізавацца, атрымаўшы там працу або ўклаўшы пэўныя грошы ў нерухомасць або эканоміку краіны. Аднак атрыманне дакументаў — толькі пачатак складанай працы па інтэграцыі чалавека ў новае грамадства, іншыя абставіны і правілы жыцця. Для многіх эміграцыя — цяжкі працэс, звязаны са стратай сацыяльнага статусу і неабходнасцю вучыць дадатковую замежную мову.

Пра тое, з чым сутыкаліся палітычныя эмігранты ў краінах Балтыі, чытайце ў матэрыяле "Новой газеты — Балтия" "Пашпарт уцекача, праца і нерухомасць".

Жэня Снежкіна, пры падтрымцы "Медиасети"

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.