У ЗША працягваюцца акцыі ўльтраправых: 1 чалавек загінуў, каля 20 пацярпелі

У ЗША працягваюцца акцыі ўльтраправых: 1 чалавек загінуў, каля 20 пацярпелі

У амерыканскім штаце Вірджынія другі дзень праходзяць акцыі ўльтраправых і іх праціўнікаў. У суботу здарыўся інцыдэнт з гібеллю чалавека: аўтамабіль урэзаўся ў натоўп людзей, якія выступалі супраць мітынгу праварадыкалаў: загінула жанчына, яшчэ каля 20 чалавек параненыя. Кіроўца машыны, 20-гадовы Джэймс Філдс, затрыманы. Яму выставілі абвінавачання ў забойстве другой ступені, перадае ВВС.

Сутычкі адбываліся і ў іншых частках гораду. Пацярпела яшчэ 15 чалавек. У некалькіх раёнах увялі надзвычайнае становішча.

Губернатар штату Вірджынія Тэры Маколіф падчас прэс-канферэнцыі звярнуўся да ўдзельнікаў пратэсту. “Я хачу звярнуцца да ўсіх прыхільнікаў перавагі белай расы і нацыстаў, якія сёння прыйшлі ў Шарлотсвіл. Наш зварот ясны і просты: разыходзьцеся па дамах. Гэтае грамадства не прымае вас. Ганьба вам. Вы ўдаеце сябе за патрыётаў, хоць насамрэч вы хто заўгодна, але не патрыёты”, — сказаў ён.

“Сёння вы прыйшлі, каб нашкодзіць людзям, і вы гэта зрабілі. Але я хачу ясна заявіць: мы мацнейшыя за вас”, — дадаў Маколіф.

Акцыя “Аб’яднаем правых” заяўлялася як мітынг пратэсту супраць планаў дэмантажу статуі генерала Роберта Лі ў парку Вызвалення (чарнаскурых рабоў) у цэнтры Шарлотсвіла і павінна была пачацца апоўдні паводле мясцовага часу. Генерал Лі камандаваў войскам паўднёвых штатаў, якія пацярпелі паразу ў Грамадзянскай вайне 1861-1865 гадоў.

Многія з мітынгоўцаў прыехалі здалёк і неслі сцягі Канфедэрацыі — аб’яднання паўднёвых штатаў, якія падчас той вайны абаранялі інстытут рабаўладання.

Паліцыя абвясціла праварадыкальны мітынг незаконным і запатрабавала ад прысутных разысціся пасля таго, як паміж мітынгоўцамі і іх праціўнікамі пачаліся сутыкненні. Сярод мітынгоўцаў было заўважана шмат неанацыстаў, белых нацыяналістаў і актывістаў расісцкай арганізацыі “Ку-клукс-клан”. Збірацца яны пачалі яшчэ ў пятніцу ўвечары.

Прэзідэнт ЗША Дональд Трамп адрэагаваў на інцыдэнты праз паўтары гадзіны пасля таго, як правыя дэманстранты пачалі разыходзіцца.

“Мы ўсе павінны быць адзінымі і асудзіць усё, што стаіць за нянавісцю. У Амерыцы няма месца такому гвалту”, — напісаў Трамп у Твітары.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі