У Жодзінскай турме памёр падазраваны ў збіцці міліцыянтаў

У Жодзінскай турме памёр падазраваны ў збіцці міліцыянтаў

У Жодзінскай турме №8 раптоўна памёр 37-гадовы случчанін, якога абвінавачвалі ў збіцці міліцыянтаў. Справу Ігара Барбашынскага аб злосным непадпарадкаванні праваахоўнікам пры выкананні службовых абавязкаў другі месяц разглядае суд Слуцкага раёна.

Як піша выданне “Новы час”, у канцы сакавіка Ігар разам з братам Іванам вяртаўся дадому пасля наведвання начной кавярні. Мужчын затрымала міліцыя і абвінаваціла ў тым, што яны былі нецвярозымі ў грамадскім месцы. Пасля гэтага затрыманых даставілі ў медвыцвярэзнік.

На наступны дзень у гэтую ўстанову выклікалі хуткую, якая забрала братоў у паліклініку. Там медыкі зафіксавалі ў іх пералом рабрынаў і шматлікія гематомы. Браты напісалі заяву ў Слуцкі РАУС аб збіцці іх міліцыянтамі і пасля гэтага даведаліся, што супраць іх распачатая крымінальная справа аб гвалтоўных дзеяннях у дачыненні да супрацоўнікаў міліцыі. У чэрвені Барбашынскіх затрымалі і да суда змясцілі ў Жодзінскі следчы ізалятар.

У жніўні адбыліся тры судовыя пасяджэнні, падчас якіх абставіны справы для міліцыянтаў клаліся не лепшым чынам. Судовы разгляд справы да гэтага часу не скончаны, абвінавачаныя запрасілі дадатковыя адмысловыя экспертызы, якія, на іх думку, маглі б даказаць адсутнасць гвалтоўных дзеянняў супраць супрацоўнікаў РАУС.

Пра смерць Ігара Барбашынскага адміністрацыя турмы паведаміла яго маці раніцай 20 верасня. Прычыны смерці пакуль застаюцца не вядомымі.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі