У Жлобіне гарэў металургічны каледж — адзін чалавек загінуў

На пажары ў Жлобінскім дзяржаўным металургічным каледжы загінуў чалавек, адзін супрацоўнік уратаваны. Паводле інфармацыі прэс-службы Гомельскага абласнога ўпраўлення МНС, інфармацыя пра ўзгаранне паступіла ў 10.41. На момант прыбыцця пажарных адкрытым агнём гарэла падсобнае памяшканне на першым паверсе цаглянага чатырохпавярховага дома, а ў самім будынку каледжа было моцнае задымленне.

На першым паверсе ў калідоры на падлозе знайшлі супрацоўніка ўстановы, які быў у непрытомным стане. Яго вынеслі на вуліцу і перадалі медыкам хуткай, якія канстатавалі смерць мужчыны. У кабінеце на трэцім паверсе знайшлі яшчэ адну супрацоўніцу, якую змаглі ўратаваць.

Праверку па факце здарэння ладзіць Жлобінскі раённы аддзел Следчага камітэта. 6 лютага ўстанова будзе працаваць у штатным рэжыме, навучальны працэс не парушаны.