Вы тут

У затрыманага лекара БХМД дома адбыўся ператрус

Бальніца хуткай меддапамогі ў Мінску / wikipedia.org

У лекара Бальніцы хуткай меддапамогі (БХМД), якога падазраюць у разгалашэнні медыцынскай таямніцы, дома адбыўся ператрус. Пра гэта піша TUT.by са словаў яго жонкі Наталлі

Сам мужчына, верагодна, знаходзіцца ў СІЗА КДБ. Сёння зранку жонка пайшла наўгад перадаваць перадачу — і яе прынялі. 

Муж Наталлі працуе анестэзіёлагам-рэаніматолагам у БХМД. Ён лекар вышэйшай катэгорыі, у снежні яму споўніцца 37 гадоў. Сама Наталля — таксама доктар. У іх сям'і трое дзяцей: старэйшыя ходзяць у школу, малодшае дзіця — у дзіцячы садок. 

Жывуць яны ў Пухавіцкім раёне, на працу ездзяць на электрычцы. Па словах жанчыны, зранку едуць паасобку, увечары стараюцца вярнуцца дадому разам. Аднак учора яны з мужам не сустрэліся, і на тэлефанаванні ён не адказваў.

А калі жанчына з дзецьмі зайшла ў дом, ёй патэлефанавалі. Суразмоўца прадставіўся супрацоўнікам Генпракуратуры і паведаміў, што яе мужа затрымалі. Гэта было прыкладна ў 17:25-17:30.

"Пасля гэтага трубку далі мужу. Літаральна ў гэты ж момант у хату пагрукалі. Наша сярэдняе дзіця пабегла адчыняць, я яму стала казаць: "Пачакай мяне". Змагла толькі спытаць у мужа, ці ўсё з ім добра. Ён адказаў, што так. Яшчэ паспеў сказаць нешта падбадзёрвальнае: "Не перажывай, можа, сёння адпусцяць". На гэтым усё", — кажа Наталля.

Пасля гэтага ў доме лекара адбыўся ператрус, які доўжыўся дзве гадзіны. У іх забралі тэхніку, у тым ліку мабільнік Наталлі. Па словах жанчыны, з уісх, хто быў пры ператрусе, яна ведае толькі ўчастковага. 

"Да яго кайданкамі быў прычэплены мужчына з сіняком пад вокам — гэта адзін з панятых. Другім панятым была незнаёмая жанчына. Яшчэ быў пракурор і мужчына, якога я сёння бачыла ў КДБ — ён мяне пазнаў і нават павітаўся", — распавядае жанчына.

Дзе знаходзіцца яе муж, жанчыне не сказалі. У СІЗА КДБ яна знайшла яго выпадкова. 

Лекара БХМД падазраюць у разгалошванні медыцынскай таямніцы за тое, што ён паведаміў парталу TUT.by дыягназ забітага Рамана Бандарэнкі. Гэты дыягназ абвяргае афіцыйную версію следства пра тое, што Бандарэнка быў п'яны: у яго крыві выявілі 0 праміле алкаголю. Увечары 19 лістапада стала вядома, што Генпракуратура пачала крымінальную справу за разгалошванне медыцынскай таямніцы, а лекар і журналістка TUT.by Кацярына Барысевіч затрыманыя. Пры гэтым пракуратура адначасова заявіла і аб разгалошванні медыцынскай таямніцы, і пра тое, што звесткі пра дыягназ былі непраўдзівыя.

Пасля гэтага маці Бандарэнкі перадала СМІ лабараторны дыягназ сына, які пацвярджае, што ў яго крыві было 0 праміле алкаголю.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.