У Віцебску за відэа ў TikTok судзілі экс-сілавіка, які разганяў пратэсты

Фігурант справы раней служыў па кантракце ва ўнутраных войсках, а цяпер працуе грузчыкам на кандытарскай фабрыцы "Віцьба" / ілюстрацыйнае фота

У Віцебску за відэа ў TikTok судзілі былога сілавіка, які ў 2020-м разганяў пратэсты. Фігуранта завуць Аляксей Грыгаровіч. У мінулым ён служыў па кантракце ва ўнутраных войсках, а цяпер працуе грузчыкам на кандытарскай фабрыцы "Віцьба". У судзе ён аказаўся за "абразу прадстаўніка ўлады", расказваюць праваабаронцы.

Падставай для суда над былым кантрактнікам стаў відэаролік у TikTok. У кадр трапіў супрацоўнік ДПС Уладзімір Васількоў. Міліцыянт заўважыў, што яго здымаюць, і папрасіў прыбраць тэлефон. На відэа чуваць грубая фраза з выкарыстаннем ненарматыўнай лексікі. Грыгаровіч прызнаў, што гэта яго голас.

Калі раніцай Васількову пачалі тэлефанаваць сябры і расказваць пра ролік з яго ўдзелам, ён вырашыў звярнуцца ў суд. Да таго моманту відэа паспелі паглядзець 17 тысяч разоў. Грыгаровіча ў той жа дзень затрымалі, тры дні ён правёў у ІЧУ.  

У судзе Грыгаровіч казаў, што ў 2020 годзе ўдзельнічаў у разгоне пратэстаў у Беларусі і ўсё жыццё падтрымліваў Лукашэнку. Па яго словах, тады ён нават рызыкаваў жыццём — у яго "Молатавы ляцелі".

Віну Грыгаровіч прызнаў. Кажа, у той вечар быў п'яны. А раніцай ролік выдаліў, таму што яму стала сорамна. У выніку яму прызначылі паўгода пазбаўлення волі з адтэрміноўкай.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.