У Віцебску маці і дачку хочуць судзіць за зрэзаныя кветкі з клумбы

У Віцебску маці і дачку хочуць судзіць за зрэзаныя кветкі з клумбы

У Віцебску маці і дачку хочуць судзіць за тое, што зрэзалі з клумбы кветкі. Жанчына і яе дачка-падлетак у канцы кастрычніка зрэзалі з клумбы ў двары шматпавярховіка 25 кветак расходніку віднага, каб зрабіць ікебану. Гэта заўважыла жыхарка дома з першага паверху, зняла “акт вандалізму” на камеру і напісала заяву ў міліцыю.

Следчы камітэт распачаў крымінальную справу па факце рабавання, здзейсненага групай асобаў. За сарваныя з клумбы кветкі маці з дачкой пагражае абмежаванне волі тэрмінам да 5 года або пазбаўленне волі тэрмінам ад 2 да 6 год, піша TUT.by

Адвакат Ігар Сцяпанаў, які абараняе інтарэсы абвінавачанай у рабаванні жанчыны, апублікаваў пастанову аб пачатку крымінальнай справы ў Фэйсбуку. Ён звяртае ўвагу на малазначнасці ўчынка і не бачыць падставаў для крымінальнага пераследу. Да таго ж кветкі расліны ўсё адно павінны былі зразацца на зіму прыкладна ў гэты час. Канкрэтнага ўласніка кветкі не мелі — клумба можа належыць таварыству ўласнікаў.

Тым не менш крымінальную справу распачалі не толькі ў дачыненні маці, але і яе 15-гадовай дачкі. Дзяўчыну паставілі на ўлік з нагоды сацыяльна-небяспечнага становішча (СНС), хоць не было ні рашэння суда, ні завяршэння расследавання справы.

Адвакат падрыхтаваў скаргу ў пракуратуру горада, у якой ставіць пад сумнеў законнасць і абгрунтаванасць распачынання крымінальнай справы.
 

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі