Вы тут

У Верхнядзвінску адбыўся напад на аддзел Дэпартамента аховы?

Ілюстрацыйнае фота Reuters

У Верхнядзвінску на аддзел Дэпартамента аховы адбыўся напад, інфармуе тэлеграм-канал NEXTA. Здарэнне адбылося ў ноч з 31 снежня на 1 студзеня. Напярэдадні на Youtube з'явіўся відэазварот маладога чалавека, які называе сябе Глебам Ціханчуком, і заяўляе пра намер напасці на верхнядзвінскі аддзел міліцыі.

Хлопец, які назваўся Глебам Ціханчуком і сцвярджае, што збіраецца напасці на аддзяленне міліцыі ў Верхнядзвінску

У апісанні да роліка хлопец пакінуў спасылку на телеграм-канал. Там сказана, што яму 18 гадоў, ён студэнт, а ў Верхнядзвінск прыехаў са Смаргоні. Кінуць бутэльку з кактэйлем Молатава на тэрыторыю Дэпартамента аховы ён вырашыў, кіруючыся сваімі перакананнямі.

"Мой светапогляд грунтуецца на мерытакратыі, наакратыі, трансгуманізме, сацыял-дарвінізме, секулярызме і, у меншай ступені, ніцшэанстве, лібералізме і лібертарыянстве ў маёй уласнай эклектычнай інтэрпрэтацыі".

Па неправеранай інфармацыі, перад нападам хлопец сам выклікаў міліцыю, а пасля аказаў супраціў міліцыянтам, якія прыехалі яго затрымліваць. Ціханчук параніў двух праваахоўнікаў нажом (сілавікоў ўжо адпусцілі з бальніцы), пасля яго затрымалі.

Прэс-служба МУС раніцай 1 студзеня коратка паведаміла пра здарэнне ў Віцебскай вобласці. З яго вынікала, што падчас затрымання нейкі 18-гадовы хлопец нанёс нажавыя раненні міліцыянерам і "праводзіцца праверка". Іншай інфармацыі пакуль не было ні на сайце МУС, ні на сайце Дэпартамента аховы.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.