SYMBAL.by падрабязна расказалі, як МНС закрываў іх краму

SYMBAL.by падрабязна расказалі, як МНС закрываў іх краму

У SYMBAL.by падрабязна, з усімі дакументамі, расказалі пра тое, як Савецкі раённы аддзел па надзвычайных сітуацыях зачыняў іх краму.

— Памятаеце мы расказвалі, што да нас прыйшлі з МНС, а гэта значыць, што нам засталося працаваць некалькі дзён. Мы памыляліся, тады 23 чэрвеня, нам заставалася працаваць 1 дзень, мы не паслухаліся, працавалі яшчэ 5 дзён, а цяпер Савецкі раённы аддзел па надзвычайных сітуацыях накіраваў у Эканамічны суд Мінска заяву, у якой просіць ужо праз суд прыпыніць дзейнасць нашай кампаніі ў будынку на пр-це Машэрава, 18, — расказваюць у краме.

23 чэрвеня МНС накіраваў у краму для маніторынга інспектара па ананімнай скарзе, што "нібыта з памяшкання ідуць непрыемныя пахі і жыхары скардзяцца, што апазіцыйная крама займаецца незразумелай вытворчасцю". У той жа дзень інспектар МНС падрыхтаваў аналітычную запіску, дзе зафіксаваў парушэнні ў памяшканні крамы. Яны, маўляў, стваралі небяспеку прычынення шкоды жыццю і здароўю насельніцтва. У гэты час ужо тыдзень у памяшканні адсутнічала электрычнасць па не залежных ад SYMBAL.by прычынах.

— І адразу 23 чэрвеня Савецкі раённы аддзел па надзвычайных сітуацыях складае прапанову пад нумарам 2 аб спыненні дзейнасці нашай крамы на пр-це Машэрава, 18 і 24-га чэрвеня — зацвярджае... За тры гады працы ў гэтым памяшканні мы прайшлі некалькі праверак, узгадненняў і выканалі ўсе ранейшыя патрабаванні МНС, якія ўзнікалі да памяшканне, дзе працавала крама, і нараканняў ад іх не мелі, — працягваюць у SYMBAL.by.

Зараз уладальнікі SYMBAL.by рыхтуюць усе неабходныя дакументы да пасяджэння суда 16 ліпеня, каб адстаяць права працаваць у памяшканні на пр-це Машэрава, 18. 

Крама SYMBAL.by вядомая вырабам разнастайных тавараў з нацыянальнай сімволікай. Асноўныя праблемы ў іх пачаліся яшчэ 12 чэрвеня, калі ў кур'ера крамы міліцыянты канфіскавалі больш за 400 маек за надпісам "ПСІХО3%". 15 чэрвеня ў краму прыйшла праверка з падатковай і аддзела па барацьбе з эканамічнымі злачынствамі. 17 чэрвеня санстанцыя пастанавіла зачыніць вытворчы цэх SYMBAL.by. Сярод прычынаў называлася пагроза нацыянальнай бяспецы. 

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі