У сталічных крамах з’явіліся цэннікі з коштамі пасля дэнамінацыі (фота)

У сталічных крамах з’явіліся цэннікі з коштамі пасля дэнамінацыі (фота)

З 1 красавіка ў крамах пачалі з’яўляцца цэннікі, на якіх побач са звыклымі коштамі пазначаныя і кошты з улікам будучай дэнамінацыі. З адпаведнай рэкамендацыяй выступіла Міністэрства гандлю. Але такія цэннікі ў Мінску 1 красавіка ўдалося знайсці толькі ў некалькіх крамах. Сярод іх — “Радзівілаўскі”, што знаходзіцца ў гандлёвым цэнтры “Сталіца”. Цэннікі тут паспелі перапісаць яшчэ не на ўсе тавары.

Напрыклад, курыны кумпяк па-новаму каштуе 4 рублі 63 капейкі, па старому 46300. "Нарачанскі" хлеб пасля дэнамінацыі можна будзе набыць за 1 рубель 83 капейкі, а цяпер за 18300. Малако "Простоквашино" з ліпеня будзе каштаваць 1 рубель 9 капеек, а цяпер — 10900. Пакуль людзі не асабліва звяртаюць увагу на новыя кошты.

"Ой, а гэта новыя кошты такія будуць у ліпені, так? — пытаецца ў прадаўшчыцы бабуля. — Ну, дык трэба прывыкаць, гэта ж адразу чатыры нулі прыбралі".

Дзясятак курыных яек на новыя грошы будзе каштаваць 2 рублі 22 капейкі, а па старых — 22200. Выглядае, што новыя цэннікі ў краме пакуль выставілі толькі на тыя прадукты, якія прасцей пералічыць.

Адзін з самых дарагіх прадуктаў, што знаходзім з новым цэннікам — "Кумпяк Еўрапейскі". Ужо ў ліпені ён будзе прадавацца па 12 рублёў 20 капеек, а пакуль 122 тысячы.

Між тым, ні ў "Кароне", ні ў дзяржаўных "ГУМе", гандлёвым "Доме на Нямізе" і дзясятку іншых крам новых коштаў пакуль няма. Як высвятляецца, Мінгандлю дало час на замену цэннікаў да 1 чэрвеня.

Нагадаем, дэнамінацыю ў Беларусі правядуць 1 ліпеня, пасля гэтага старыя грошы будуць хадзіць на роўных з новымі да 31 снежня 2016 года.

 

 

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі