У Смілавічах створаць музей мастака Хаіма Суціна

У пасёлку Смілавічы Чэрвеньскага раёна, на радзіме вядомага беларускага жывапісца Хаіма Суціна, ствараецца музей мастака.

Пра гэта паведаміла каардынатар ініцыятыўнай групы па стварэнні стратэгіі ўстойлівага развіцця Смілавічаў Наталля Шыліна. Паводле яе слоў, музей плануецца размясціць у пакоях палаца Манюшкаў-Ваньковічаў — помніка архітэктуры рамантызму і эклектыкі другой паловы ХIX стагоддзя, у якім зараз знаходзіцца сельскагаспадарчы каледж.

Ініцыятар стварэння музея старшыня камісіі па справах ЮНЕСКА Уладзімір Шчасны сумесна са студэнтамі БДУ плануе паказаць у экспазіцыі свет яўрэйскага мястэчка, а ў кавярні, стылізаванай пад парыжскую, прадставяць рэпрадукцыі карцін мастака і рэчы стогадовай даўніны.

Нагадаем, карціна Суціна “Партрэт мужчыны ў чырвоным шаліку” днямі ўстанавіла рэкорд на аўкцыёне Сотбіс. Яна была прададзена за 17 мільёнаў долараў.

Прадстаўнік парыжскай школы жывапісу Суцін вучыўся ў Віленскай акадэміі мастацтваў і ў Школе прыгожых мастацтваў у Парыжы. З 1913 года жыў у Парыжы. Працаваў у жанрах партрэта, пейзажу і нацюрморта.

Яго творчасці ўласцівы пастозная манера пісьма з тлустымі і шчыльнымі мазкамі пэндзля, пачуццёвая экспрэсія і светлая яркая каляровая гама з пераважаннем чырвоных, сіне-зялёных і белых таноў. Адчуў уплыў Марка Шагала і Амедэа Мадзільяні.

Стварыў шэраг работ па матывах твораў Рэмбрандта і Курбэ, пісаў напоўненыя драматычным лірызмам пейзажы, стварыў галерэю вобразаў людзей розных прафесій.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі