У самым вялікім музеі фатаграфіі адкрылі выставу пра Беларусь (фота)

Экспазіцыя Філіпа Эрбэ пад назвай “Made in Belarus”, выстаўленая ў Шарлеруа, прысвечана савецкім помнікам і беларускім дзяўчатам, а вось мужчын фатограф здымаць не захацеў. Выстава “Made in Belarus” Філіпа Эрбэ адкрылася ў самым вялікім музеі фатаграфіі ў Еўропе, які месціцца ў маленькім бельгійскім горадзе Шарлеруа. Пад музей адведзены былы кармеліцкі манастыр Мон-сюр-Марш'ен. Тут расказваецца пра гісторыю фатаграфіі ад самага яе зараджэння і да сучасных трэндаў.

Цяпер частка залаў адведзеная пад выставу, прысвечаную Беларусі, а перад музеем вісіць вялізны плакат з чырвона-зялёнай зоркай, якую Філіп Эрбэ зняў у Мінску.



“У сваім паэтычным элегантным стылі яго праца пераносіць нас у падарожжы з прыгожымі аб'ектамі, незвычайнымі помнікамі, дзіўнымі і хвалюючымі жанчынамі”, — анонс экспазіцыі адпавядае яе зместу: галерэя фотаздымкаў поўніцца савецкімі помнікамі і дзяўчынамі. Мужчынаў на здымках няма зусім.

“Свет мужчынаў — алкаголь, машыны, футбол, маладыя жанчыны і лёгкі сэкс — не цікавіць мяне, і я трымаюся ў баку ад яго, наколькі магчыма. На аўтобусных прыпынках, у транспарце, на паркавых услонах я хутчэй падсяду да жанчын. Яны супакойваюць мой розум”, — тлумачыць сам мастак.





Наведвальнікаў музея ў будныя дні няшмат. Замежныя турысты да яго даязджаюць не часта — імкнуцца ў Брусель. Тыя бельгійцы, каго сустрэла Еўрарадыё ля экспазіцыі, нават не ведалі пра існаванне Беларусі.

Чаго не скажаш пра дырэктара музея Ксаўера Канона. Ён дзеліцца сваімі ўражаннямі ад творчасці Філіпа Эрбэ:

“Я зайздрошчу свабодзе падарожжаў, уласцівай Філіпу Эрбэ, асабліва той, што адкідае турыстычныя карты і ідзе шляхамі, не пазначанымі ў турыстычных даведніках”.

З экспазіцыяй “Made in Belarus” бельгійцы і замежныя турысты могуць пазнаёміцца яшчэ на працягу трох тыдняў. Пасля на яе месца прыйдзе іншая спецыяльная галерэя фотаздымкаў.





Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі