Вы тут

У сацсетках просяць зніжак на дастаўку ежы для медыкаў. Ці патрэбна ім дапамога?

Дастаўку заказвалі?

Увечары 16 сакавіка па тэлеграм-каналах і стужках у "Фэйсбуку" разляцелася трывожная навіна. У медыкаў у мінскім РНПЦ эпідэміялогіі і мікрабіялогіі, дзе робяць аналізы на каранавірус, столькі працы, што няма калі схадзіць па ежу, а хтосьці літаральна страціў прытомнасць ад стомы проста на рабочым месцы!

Еўрарадыё звязалася з супрацоўнікамі РНПЦ, каб даведацца, чым мы можам ім дапамагчы. Там нашай увазе былі злёгку здзіўлены.

"Госпадзе, вядома [гэта] няпраўда! Так, мы працуем кругласутачна. Але ўсё штатна! Мы не галадаем, і пашпарты ў нас не адабралі, — расказвае малодшы навуковы супрацоўнік РНПЦ Юлія Калтунова.Дарэчы, побач ёсць цудоўная сталоўка ад цяплічнага камбіната. Поўны абед ад пуза — менш чым на 5 рублёў. Пра яе ўсе ведаюць, і можна набраць з сабой. У лабах халадзільнікі, імбрычкі і мікрахвалёўкі".

Яшчэ адна супрацоўніца РНПЦ кажа, што не мае паняцця, хто і навошта ад асобы медыкаў рассылае допісы з заклікамі пра дапамогу.

"Усім нам даводзіцца працаваць звышурочна, аб'ёмы проста жахлівыя. З усімі супрацоўнікамі на цяперашні момант падпісаны кантракт на 1,5 стаўкі. На высокія сумы ў ЗП [зарплаце. — Еўрарадыё], вядома, не разлічваем, самі разумееце, дзе працуем, але рабіць няма чаго, — расказвае дзяўчына. — Але вы зразумейце, гэта проста недахопы, якія выйшлі на святло з прычыны таго, што дзяржава з такім яшчэ не сутыкалася. Гаварыць вось так з ходу, што ўсё вельмі дрэнна, некарэктна. Занадта мала часу прайшло".

Хто і навошта распаўсюджвае па сацсетках паведамленне пра тое, што мінскія медыкі не спраўляюцца з аналізамі на каранавірус?

Раніцай 16 сакавіка стала вядома, што пад выглядам барацьбы з распаўсюджваннем каранавіруснай інфекцыі Крэмль закрывае мяжу з Беларуссю. Лукашэнка ў адказ сказаў, што Расія сама "ўся палае ад каранавіруса". А ўлады РФ заявілі, што папраўдзе сітуацыя з каранавірусам у Беларусі горшая, чым у Расіі. Вось на гэтым фоне па сацсетках і разляцелася паведамленне пра тое, як цяжка даводзіцца беларускім эпідэміёлагам.

"Эпідэміёлагі ўжо практычна падаюць у непрытомнасці ад нагрузкі. Яны робяць гэтыя тэсты на каранавірус нон-стоп. Просяць хоць бы якую-небудзь зніжку на дастаўку ежы. Можа, хто з сетак харчавання дапаможа? Філімонава, 23. РНПЦ эпідэміялогіі", — у лічаныя гадзіны гэты допіс набраў сотні рэпостаў. Да раніцы 17 сакавіка ён трапіў у сторыз да найлепшага фуд-блогера Беларусі Паўла Крамара.

Просьба пра дапамогу медыкам у сацсетках

ФБ-стужка Валерыя Седзюкова, допіс якога паставіў у сторыз koko_by, складаецца з навін і рэпостаў на тэму каранавіруса. На аватары намаляваны мужчына ў цяльняшцы. Дэвіз "Ніхто акрамя нас" выдае ў ім былога дэсантніка. Месцам нараджэння мужчыны пазначаны Данецк, месцам пражывання — Мінск. Па словах супрацоўнікаў РНПЦ эпідэміялогіі і мікрабіялогіі, ён не мае дачынення да гэтай установы.

На допіс Валерыя Седзюкова адрэагаваў прадстаўнік сеткі кафэ GARAGE. Паводле яго слоў, на прапанову дапамогі мужчына не адказаў.

Знайшліся і іншыя "неабыякавыя грамадзяне". Убачыўшы паведамленне Седзюкова пра тое, што беларускім медыкам патрэбна дапамога, карыстальнік "УКантакце" пад нікам "Фёдар Копнік" стварыў краўд-кампанію на сайце MOLAMOLA. Паводле яго слоў, усе сабраныя грошы пойдуць на дастаўку ежы дактарам. Але якім менавіта — Фёдар не ведае, таму што ніякія канкрэтныя дактары яго пра дапамогу не прасілі.

 

Збор сродкаў на дастаўку ежы ў РНПЦ эпідэміялогіі

Ахвяраваць ці не — кожны вырашае сам. Але калі вы хочаце падтрымаць кагосьці — спачатку трэба пераканацца, што яму сапраўды патрабуецца дапамога.

Дарэчы, дзяўчатам з РНПЦ эпідэміялогіі і мікрабіялогіі хтосьці сёння ўжо паспеў даставіць курыны шашлык. Ну, цяпер дакладна не будзе страт прытомнасці ад голаду!

 

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.