У Расіі спынілі пераслед студэнта, які напісаў на ўказальніку “Не фан-зоне”

У Расіі спынілі пераслед студэнта, які напісаў на ўказальніку “Не фан-зоне”

У Расіі спынілі пераслед студэнта Дзмітрыя Пяцеліна, які напісаў “Не фан-зоне” на ўказальніку ля Маскоўскага дзяржаўнага ўніверсітэта, у якім навучаецца. Як паведамляе meduza.io са спасылкай на праваабаронцаў, пракуратура адмяніла пастанову аб распачынанні крымінальнай справы ў дачыненні маладога чалавека.

Крымінальную справу распачалі 1 чэрвеня за надпіс на ўказальніку да чэмпіянату свету па футболе. Нанесеную шкоду ацанілі ў 65 тысяч рублёў (крыху болей за 2 тысячы беларускіх рублёў у эквіваленце). Справу распачыналі паводле артыкула “Вандалізм”, які ў Расіі прадугледжвае штраф, папраўчыя працы або арышт тэрмінам да трох месяцаў.

8 чэрвеня за студэнта заступіўся рэктар МГУ Віктар Садоўнічы і папрасіў не прыцягваць Пяцеліна да крымінальнай адказнасці. Ён сказаў, што дзеля ўсведамлення неправамернасці сваіх дзеяннях маладому чалавеку будзе дастаткова праведзенай факультэтам тлумачальнай працы.

Фан-зона падчас чэмпіяната свету па футболе будзе знаходзіцца ў Маскве на Вераб’іных гарах каля галоўнага корпуса МГУ. Студэнцкія арганізацыі неаднаразова выказваліся супраць такога размяшчэння, бо шум ад яе перашкодзіць студэнтам і выкладчыкам, якія жывуць у інтэрнаце.

 

 

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі