У Расіі блакуюць Telegram. Ці зменіцца што-небудзь для беларускіх карыстальнікаў

У Расіі блакуюць Telegram. Ці зменіцца што-небудзь для беларускіх карыстальнікаў

Расійскі суд вынес рашэнне аб блакіроўцы месэнджара Telegram. Гэта яшчэ не канчатковае рашэнне, а толькі суд першай інстанцыі. Далей будзе Маскоўскі гарадскі суд, Вярхоўны суд, сустрэчная позва "Тэлеграма". Але… па расійскім заканадаўстве заблакаваць Telegram могуць у любы момант ад сённяшняга дня — пятніцы, 13 красавіка.

 

Што ж будзе з Telegram у Беларусі, калі яго заблакуюць у Расіі?

 

Тут ёсць некалькі варыянтаў. Але спачатку трэба ведаць, што разумее пад блакаваннем Telegram Раскамнагляд і як працуе месэнджар. Трафік паміж карыстальнікамі Telegram ідзе праз серверы. Колькі іх — невядома, але вельмі шмат.

Калі верыць бацьку праекта Паўлу Дураву, знаходзяцца яны ў розных пунктах свету пад рознымі юрысдыкцыямі. Каб абмежаваць карыстальнікам у Расіі доступ да Telegram, трэба знайсці ўсе гэтыя серверы і заблакаваць іх IP-адрасы. Задачка не самая простая!

Telegram відавочна разумеў, што блакаванне будзе, і рыхтаваўся да гэтага. Дастаткова выпусціць абнаўленне праграмы, змяніць IP-адрасы сервераў — і Telegram зноў працуе.

Пакуль у Расіі заблакаваныя толькі сайты Telegram, але з Беларусі яны паспяхова адкрываюцца.

 

Што будзе, калі Расія зможа заблакаваць доступ да ўсіх сервераў Telegram?

 

Тады беларускія карыстальнікі таксама могуць адчуць блакаванне. 80% ад усяго беларускага трафіку ідзе праз Расію і толькі 20% — праз іншыя краіны. Падобная сітуацыя была з блакаваннем некаторых сайтаў у Расіі, калі яны не працавалі і ў нас.

Але беларускія карыстальнікі Telegram заўважаць праблему і пачнуць скардзіцца правайдарам. Тады тыя пераналадзяць маршрутызацыю — пусцяць званкі і паведамленні Telegram праз заходні шлюз. І праблема знікне.

У Расіі ж пачнецца гульня ў кошкі-мышкі: Telegram будзе мяняць адрасы і абыходзіць блакіроўку, Раскамнагляд будзе працягваць блакаваць. Колькасць карыстальнікаў Telegram у Расіі знізіцца, некаторыя сыдуць у іншыя месэнджары.

Блакаваць будуць усё шырэй і шырэй. І ў Беларусі, і ў Расіі. Але тэхналогіі не стаяць на месцы. Распрацоўшчыкі даўно думаць пра гэта і змяняюць свае інфраструктуры, каб мець магчымасць дэцэнтралізаваць серверы і каб іх было складана заблакаваць.

Telegram любяць за прыгожыя смайлікі і сцікеры. Але яго нельга назваць найлепшым у плане бяспекі. Калі прэтэнзій да сакрэтнага чату няма (там ключы шыфравання маюць толькі двое карыстальнікаў), то звычайныя чаты можа чытаць, напрыклад, сам Telegram. І тут пытанне толькі ў даверы да Telegram.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі