Вы тут

У Расіі беларускія Geely каштуюць істотна танней, чым у Беларусі. Як так?

Еўрарадыё 

Аўтамабілі Geely, якія вырабляюцца на беларускім заводзе пад Мінскам, каштуюць у Расіі значна танней, чым у Беларусі. Розніца дасягае $5 тысяч! Напрыклад, набыць Geely Emgrand 7 у беларускіх дылерскіх цэнтрах можна за 24 900 беларускіх рублёў. Адзін з маскоўскіх аўтасалонаў прапануе аналагічную машыну ў базавай камплектацыі за 441 тысячу 594 расійскія рублі (крыху больш за 14 тысяч беларускіх рублёў).

Тое самае з іншымі мадэлямі. Набыць Geely Emgrand X7 у беларускіх афіцыйных дылераў танней чым за 31 тысячу беларускіх рублёў не атрымаецца. А ў Маскве такое аўто каштуе ад 650 тысяч расійскіх рублёў (гэта 20 800 беларускіх). Як так?

Па інфармацыі сайта “Ежедневник”, Беларусь пастаўляе ў Расію ўсё больш легкавікоў. Але сярэдняя цана на Geely падае: летась яна складала 13 тысяч 396 долараў, а сёлета знізілася да $8966 за адну машыну. Чаму расіянам беларускія аўто дастаюцца танней, чым беларусам? І ці не надышоў час беларусам ехаць па беларускія аўто ў Расію?

“Гэта нерэальная сума”

У Смаленску дылерскага цэнтра Geely няма. Найбліжэйшы расійскі горад, дзе беларус можа набыць гэтае кітайскае аўто беларускай зборкі, гэта Бранск.

Geely тут сапраўды таннейшыя, чым у Беларусі. Але такіх зніжак, як у Маскве, няма.

“Кліенты, якія куплялі машыны ў снежні, казалі, што на 100 тысяч расійскіх у нас танней, чым у Беларусі, — распавядае Еўрарадыё супрацоўнік бранскага аўтасалона Geely. — Увогуле, мы не адсочваем цэны па Беларусі. Наконт Смаленска ведаю, што там планавалі адкрываць цэнтр, але людзі літаральна тыдзень назад да нас прыязджалі, расказалі, што пакуль нічога не працуе”.

Сэрвісны цэнтр Geely / virtualbrest.by

Зніжка на Geely у Расіі можа быць акцыйнай, звязанай з купляй аўто ў крэдыт ці з trade-in, калі вы здаяце стары аўтамабіль у кошт новага. Максімум, на што могуць разлічваць беларусы пры куплі машыны ў Бранску, гэта trade-in. Але ў бранскім дылерскім цэнтры дадаюць, што нават пры ўсіх зніжках мадэль Geely Emgrand X7 увогуле не можа каштаваць 650 тысяч расійскіх рублёў:

“Гэта нерэальная сума. Хутчэй за ўсё, цана пазначана без уліку ПДВ [падатак на дабаўленую вартасць. — Еўрарадыё]. Калі будзеце афармляць аўтамабіль, вас папросяць аплаціць ПДВ, таму на больш чым 900 тысяч расійскіх вы і выйдзеце. Ёсць дылеры, якія такім грашаць: пазначаюць цэны з улікам усіх зніжак, але без ПДВ, таму атрымліваюцца нізкія цэны”.

Не для грамадзян Беларусі

Набыць Geely Emgrand X7 за 650 тысяч сапраўды магчыма. Дакладней, было магчыма — па акцыі афіцыйнага дылера Geely у Маскве “Мас Моторс”. Яна працягвалася да 26 жніўня і... не распаўсюджвалася на грамадзян Беларусі.

“Нізкая цана пазначана з улікам максімальнай зніжкі, крэдыту і дзяржаўнай праграмы, — тлумачаць у “Мас Моторс”. — На жаль, на ваш рэгіён зніжка не распаўсюджваецца. І набыць машыну вы зможаце толькі за наяўныя і за поўную суму”.

Аўтасалон Geely / abw.by

Дык ці атрымаецца ашчадзіць грошы? Поўны кошт Geely Atlas у базавай камплектацыі ў маскоўскім аўтасалоне — 974 тысячы 990 расійскіх рублёў, ці крыху больш за 31 тысячу беларускіх. Аналагічная машына ў беларускіх дылераў Geely абыдзецца ў 35 тысяч 200 беларускіх рублёў. То-бок эканомія ёсць. Але расіянам такі ж базавы Atlas абыдзецца танней яшчэ на 120 тысяч расійскіх рублёў (каля 3800 беларускіх). Няма ў жыцці справядлівасці!

“Але, калі набываеце машыну за наяўныя, мы аплачваем праезд да Масквы, на зваротную дарогу запраўляем поўны бак, — суцяшаюць нас у маскоўскім аўтасалоне. — Абслугоўваць машыну вы зможаце ў любога дылера на тэрыторыі Беларусі”. 

“Нашых кліентаў мы не абмяжоўваем”

Чаму беларускія аўтасалоны не могуць прапанаваць беларусам такія ж істотныя зніжкі?

“Як прадстаўнік дылерскага цэнтра на дадзенае пытанне не магу адказаць, — распавялі ў адным з дылерскіх цэнтраў Geely. — Мы набываем аўтамабілі ў дыстрыб’ютара [завод “БелДжы” пад Барысавам. — Еўрарадыё] па пэўнай цане. Гэтыя аўтамабілі мы прадаём на тэрыторыі Беларусі”.

Магчыма, расійскім дылерам беларускія аўтамабілі дастаюцца танней? Адказ на гэтае пытанне ў дылерскім цэнтры раяць шукаць на заводзе.

— Заканадаўства Расіі адрозніваецца ад беларускага. Адпаведна, дылеры могуць фарміраваць цэны на свой погляд і самі рэгулююць зніжкі. Таму пра іх цэны нічога сказаць не можам, — адказваюць Еўрарадыё на “БелДжы”. — У нас ёсць цэнтралізаваныя зніжкі і нецэнтралізаваныя, калі дылер можа з банкам ці лізінгавай кампаніяй заключаць дамовы. Мы не абмяжоўваем.

Дзе купляць машыну, вырашаць вам, але ці ёсць сэнс ехаць і губляць час? Тым больш няма гарантыі ў працы расійскіх дылераў. Нашых дылераў мы кантралюем і можам на іх паўплываць.

— Сэнс у грашах.

— Вам трэба будзе згубіць час, прыехаць, афармляць дакументы, растаможку. Калі гэтая розніца для вас істотная, нашых кліентаў мы не абмяжоўваем.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.