Вы тут

У Рагачове пенсіянер кідаў у дзяцей бутэлькі з вадой з пятага паверха

pixabay.com

Крымінальнай справай за хуліганства скончыўся для 69-гадовага жыхара Рагачова адпачынак у нядзельны вечар, паведамляе прэс-служба УУС Гомельскага аблвыканкама. 

Увечары 4 жніўня ў міліцыю затэлефанавала маці 9-гадовага хлопчыка. Яна распавяла, што яе сына беспадстаўна траўмаваў пенсіянер, калі хлопчык з прыяцелямі гуляў на вуліцы.

На месцы выкліку міліцыянты пабачылі пустыя бутэлькі з-пад піва і безалкагольных напояў. Менавіта іх мужчына напаўняў вадой і кідаў у дзяцей з пятага паверха.

Пенсіянер заявіў праваахоўнікам, што школьнікі шумелі ў яго пад вокнамі і заміналі адпачываць, калі ён піў піва. Таму ён вырашыў суцішыць іх такім арыгінальным спосабам. Пры гэтым адна з бутэлек трапіла ў руку непаўналетняму, але абышлося без сур'ёзных наступстваў.

Пенсіянера не затрымлівалі, але пачалі на яго крымінальную справу за хуліганства.

Дарэчы, каля месяца таму падобная гісторыя адбылася ў Гродне. Толькі там мужчына кідаў з восьмага паверха ў дзяцей кухонныя нажы.