У пройгрышы Смолавай вінаваты Раінчык?

З-за беларускага кампазітара Васіля Раінчыка спявачка не трапіла ў прызёры “Новай хвалі”. На юрмальскім фестывалі “Новая хваля” Паліна Смолава заняла 4-е месца. Былая пераможца “Славянскага базару” вельмі ўзрадаваная гэтым вынікам.
Хаця ў нашай канкурсанткі былі вялікія шанцы быць у тройцы лепшых. Прамежкавыя месцы, атрыманыя за 1-ю і 3-ю песні, былі трэцім і другім.

Другая песня, якая мусіць быць шлягерам, паставіла Паліну на 7-ю прыступку. Еўрапейскае радыё датэлефанавалася да аўтара кампазіцыі Васіля Раінчыка, каб высветліць, чаму яе гэтак недаацанілі.

Раінчык: Магчыма, у тым месцы і ў тым складзе журы, калі Прымадонна – муза фестываля, раптам выходзіць Паліна і спявае песню “Кукла Мадонна” — чытай, Прымадонна… Магчыма, нешта такое і адбылося. Калі галоўная дама фестывалю ў гэты момант нахмурыла бровы, гэта магло паўплываць. Бо мусіць жа быць нейкая прычына, чаму Паліна не выйграла.

Іншага меркавання нават на самым пачатку прытрымліваўся галоўны рэжысёр-пастаноўшчык “Новай хвалі” Аляксандр Рэўзін. Ён назваў “Куклу Мадонну” нават не песняй, а нейкім вар’етэ і пераканаў артыстку перарабіць шоў. Васіль Раінчык на гэта абурыўся:

Раінчык: А хто гэта такі разумнік? Хай лепш пачытае музычную літаратуру ды пашырыць свой кругагляд.

Смолава шоў перарабіла – цяпер шкадуе:

Смолава: Да кампазіцыі было падрыхтаванае цэлае шоў, а стала проста песняй. Яна вельмі драматычная, з псіхалагічнай разынкай. Яе можна было раскрыць з дапамогай касцюмаў і зрабіць “фішку”.

Але Еўрапейскаму радыё спявачка прызналася, што калі б можа было павяртаць час назад, другі раз “Куклу Мадонну” на конкурсе яна б не спявала. Хаця ў далейшым плануе выконваць усе свае конкурсныя песні на сваіх канцэртах і фестывалях.

А на пытанне, чаму ўсё ж, на яе думку, ёй не пашчасціла перамагчы ў Юрмале, Паліна Смолава адказала так:

Смолава: Можа быць, нечага не хапіла. Можа быць, мой стыль ўсё ж больш накіраваны на Еўропу. Мне пра гэта шмат кажуць.

Фота — www.polinkasmolova2006.narod.ru