У першы дзень новага года нельга лаяцца i рабiць дрэнныя ўчынкi

Пра тое, як у Беларусi было прынята адзначаць Новы год, расказвае старшы навуковы супрацоўнiк Інстытута мастацтвазнаўства, этнаграфii i фальклору iмя Кандрата Крапiвы НАН Беларусi Таццяна Кухаронак. У гэтых адносiнах адметным быў першы дзень новага года. Народныя традыцыi беларусаў забаранялi ў гэты дзень лаяцца, успамiнаць чорта, гаварыць пра смерць, рабiць дрэнныя ўчынкi, бо лiчылася, што так i будзе ўвесь год. Па гэтай прычыне ўсе старалiся рабiць адно для аднаго толькi прыемнае. Ранiцай кожны гаспадар абыходзiў свае гаспадарчыя пабудовы i рассыпаў ва ўсе бакi пшанiцу, авёс, ячмень, каб увесь год быў урадлiвым. А пажылыя людзi старалiся не хадзiць да абеду ў госцi, каб свойская жывёла не ўцякала з двара.

З надзеяй i трывогай чакалi першага госця ў дом. Бо лiчылася, што ў новым годзе пашанцуе ва ўсiх гаспадарчых i сямейных справах тым, да каго ў госцi першым прыйдзе мужчына. А каб быць здаровым, бадзёрым i актыўным на працягу ўсяго года, неабходна ўстаць вельмi рана, прынесцi вады з калодзежа i памыцца ёю. У першы дзень новага года сачылi за надвор'ем, каб даведацца яго прагноз на будучыню. Згодна з прыкметамi, калi iшоў снег, чакалi снежную зiму i багаты ўраджай. Усходнi вецер прадказваў гарачае i сухое лета, заходнi — мокрае, паўночны — халоднае з градам, а паўднёвы вецер — цёплае i ўрадлiвае.

А вось напярэдаднi Новага года ў Беларусi дзяўчаты пачыналi варажыць аб замужжы, характары будучага мужа i сямейным жыццi. Варажылi i хлопцы, але радзей. Найбольш папулярным у вясковай моладзi быў спосаб варажбы на розных прадметах — цот або няцот. Парны лiк сiмвалiзаваў сямейную пару, а няпарны — адзiноту. Напрыклад, выходзiлi ў двор i набiралi дроў. Прынёсшы iх у дом, лiчылi, цотная або няцотная колькасць. З гэтай жа мэтай абхоплiвалi дошкi ў штыкетнiку. I зноў цотны лiк або няцотны азначаў альбо блiзкае вяселле, альбо наадварот. Практычна ўсюды сустракаўся i такi звычай: пасярод дома насыпалi кучку збожжа i пускалi пеўня падзяўбаць, а рэштку пералiчвалi.

Акрамя таго, згодна з павер'ем, у навагоднюю ноч сняцца прарочыя сны. Каб убачыць у сне будучага мужа, дзяўчына брала са святочнага стала крыху куццi i, загарнуўшы яе ў хусцiнку, клала пад падушку. На Пiншчыне i ў заходнiх раёнах Беларусi дзяўчаты i хлопцы ставiлi ў гэту ноч пад ложак, на якiм спалi, гаршчок з вадою i зверху ўкладвалi крыж-накрыж лучыну. Той, хто ў сне пераходзiў па гэтым "мастку", i павiнен быў стаць жанiхом або нявестай. У святочную ноч дзяўчаты клалi пад падушку грабеньчык: будучы жанiх павiнен быў у сне прычасацца iм.

БЕЛТА