У пераддэфолтнай Грэцыі сярэдняя пенсія больш беларускай у тры разы

Перамовы кіраўніцтва Грэцыі з міжнароднымі крэдыторамі прайшлі беспаспяхова. Пра гэта 14 чэрвеня паведаміла прэс-служба Еўрапейскай камісіі пасля таго, як яе старшыня Жан-Клод Юнкер спыніў пасяджэнне ў Бруселі.

Еўракамісія, ЕЦБ і МВФ патрабуюць ад Афінаў эканоміць штогод яшчэ па два мільярды еўра – гэта каля 1% ВУП краіны – у асноўным за кошт пенсій. Урад Грэцыі на такое катэгарычна не згаджаецца, імкліва набліжаючы дэфолт.

Еўрарадыё параўноўвае эканамічны стан пераддэфолтнай Грэцыі і Беларусі.

Насельніцтва

Насельніцтва Грэцыі складае 10,8 млн чалавек, Беларусі – 9,4. Пры гэтым жыхароў старэйшых за 55 гадоў у Грэцыі 32,9%, у Беларусі значна менш – 27,5%.

Эканоміка і інвестыцыі

ВУП Грэцыі на душу насельніцтва роўны 25,8 тыс. долараў, у Беларусі – 18,2 тысячы.

На сёння дзяржаўная пазыка Грэцыі вырасла да 324 млрд еўра – гэта 175% ад ВУП. У Беларусі яна роўная 21,844 млрд долараў. Гэта амаль 43% ад ВУП краіны. Крэдытны рэйтынг Грэцыі паводле агенцтва Standard and poor’s сёння мае адзнаку “CCC”, што азначае надта нізкі і спекулятыўны ўзровень крэдытных абавязацельстваў. У Беларусі ён крыху вышэйшы – “В-”. Гэта на дзве пазіцыі лепей, але таксама сведчыць пра высокі ўзровень рызыкі для крэдытораў.

Прамыя замежныя інвестыцыі за мінулы год у Грэцыю склалі 30,7 млрд долараў. У Беларусь – толькі 10,2 млрд долараў. Гэта пры больш высокім крэдытным рэйтынгу!

Заробкі

Сярэдні заробак у Беларусі цяпер роўны 377 еўра (6,5 млн руб.). Сярэдняя дапамога па беспрацоўі – 10,3 еўра (180 тыс. руб. за месяц). Пенсія – 152 еўра (2,6 млн руб.).

Гэта ўсё нашмат ніжэй за грэцкія адпаведнікі. Сярэдняя зарплата ў Грэцыі  –  818 еўра. Сярэдняя дапамога па беспрацоўі – амаль як заробак у Беларусі – 360 еўра, а сярэдняя пенсія – 540 еўра.

У Беларусі бюджэт пражытковага мінімуму – 85 еўра (1,5 млн руб). Менш, чым на гэту суму на кожнага члена сям’і ў 3,5% хатніх гаспадарак, ці 135 тысяч сем’яў.

Бюджэт пражытковага мінімуму ў Грэцыі складае 684 еўра. За рысай беднасці там жыве – 2,5 млн чалавек (23% насельніцтва). 44% пенсіянераў знаходзяцца ў іх ліку. Калі перавесці грэцкі стандарт забяспечанасці на Беларусь, дык у нас больш за 90% беларускіх сем’яў знаходзіліся б за рысай беднасці.

Без працы цяпер у Грэцыі – каля 26% працаздольнага насельніцтва, пры гэтым сярод моладзі да 24 гадоў беспрацоўныя – 52%. У Беларусі, паводле афіцыйных звестак, гэты паказчык не перавышае 1,5%.

Вадзім Іосуб

Фінансавы аналітык афіцыйнага партнёра “Альпары” ў Мінску Вадзім Іосуб адзначае, хоць шмат якія паказчыкі ў Грэцыі вышэйшыя за нашы, краіна ўсё ж знаходзіцца ў больш складаным становішчы.

Бягучы ўзровень жыцця беларусаў, які з вясны гэтага года існуе, без асаблівых праблем можна падтрымліваць”, кажа эксперт.

Грэцыя ж, на думку эканаміста, надзвычай сацыяльна арыентаванай краіна, нашмат больш за Беларусь. Яна жыла з пазыкаў і штучна павышала ўзровень жыцця насельніцтва. А цяпер сутыкаецца з тым, што трэба рэзка знізіць сацыяльныя выдаткі і сацыяльныя стандарты жыцця. Эксперт мяркуе, што ў бліжэйшы час грэкам будзе нашмат больш балюча, чым беларусам.

 “Калі дэфолт адбудзецца, гэта будзе падобна на тое, што на постсавецкай прасторы адбылося ў 90-ыя. Можа быць, гэта будзе нават больш жорсткі з пункту гледжання падзення ўзроўню жыцця сцэнар”, – мяркуе Вадзім Іосуб.

Фото: wikimedia.org/ Ggia, і з архіва Вадзіма Іосуба

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі