У Осла на ўручэнне Нобелеўскай прэміі міру прыехала жонка палітвязня Алеся Бяляцкага Наталля Пінчук. Урачыстая цырымонія пройдзе 10 снежня. Пінчук атрымае прэмію замест мужа, якога рэжым Аляксандра Лукашэнкі з мінулага года ўтрымлівае за кратамі. Па надуманых абвінавачаннях праваабаронцу Бяляцкаму пагражае ў Беларусі да 12 гадоў пазбаўлення волі.
Наталлю Пінчук вітала Берыт Райс-Андэрсэн, старшыня нарвежскага Нобелеўскага камітэта.
Пра тое, што беларускі праваабаронца і палітвязень Алесь Бяляцкі стаў лаўрэатам Нобелеўскай прэміі міру, стала вядома 7 кастрычніка 2022-га. Разам з ім лаўрэатамі сталі ўкраінскі Цэнтр грамадзянскіх свабод (яго ў Осла прадстаўляе Аляксандра Матвійчук) і расійскі цэнтр "Мемарыял" (яго прадстаўляе Ян Рачынскі).
