Вы тут

У Оперны тэатр прызначылі новага дырэктара

Аляксандр Пятровіч (злева) і мастацкі кіраўнік Музычнага тэатра Адам Мурзіч / musicaltheatre.by

Новым дырэктарам Нацыянальнага тэатра оперы і балета прызначаны Аляксандр Пятровіч. 5 лістапада яго прадставілі трупе, піша TUT.by.

Аляксандр Пятровіч нарадзіўся ў Мінску ў 1957 годзе. Па адукацыі ён культасветработнік і харавы дырыжор. Пасля войска ў 1982 годзе Пятровіч трапіў у Міністэрства культуры і за пяць гадоў дарос да начальніка агульнага аддзела.

Год адпрацаваў дырэктарам Моладзевага тэатра, пасля чаго перайшоў у мінскі гаркам КПБ, дзе быў інструктарам аддзела прапаганды і агітацыі. На пачатку 1990-х узначальваў упраўленне культуры Мінгарвыканкама. У 2003 годзе Пятровіч стаў намеснікам дырэктара Белдзяржфілармоніі. На гэтай жа пасадзе працаваў і ў Оперным тэатры. Калі Оперны тэатр і Тэатр балета аб'ядналіся, ён стаў галоўным адміністратарам аб'яднанага тэатра.

У 2010-м Пятровіч узначаліў Музычны тэатр. 

На пасадзе дырэктара Опернага ён замяніў Уладзіміра Грыдзюшку, з якім Міністэрства культуры не стала працягваць кантракт. 

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.