У офісе “Нашай нівы” і ПЭН-цэнтра канфіскавалі 12 камп’ютараў

12 камп’ютараў, флэш-карткі і CD-дыскі канфіскавалі супрацоўнікі КДБ у офісе газеты “Наша ніва” і ў беларускім ПЭН-цэнтры, якія размяшчаюцца ў адным памяшканні.
Сістэмны блок забралі і дома ў галоўнага рэдактара НН Андрэя Скурко. Па
яго словах, нягледзячы на канфіскацыю, сайт газеты працягне працаваць у
звыклым рэжыме.

“Бліжэйшы нумар друкаванай “Нашай нівы” запланаваны на 5 студзеня.
Спадзяюся, мы знойдзем сродкі на яго выданне”
, -- адзначыў Андрэй Скурко
ў размове з Еўрарадыё.

Нагадаем, ператрус у офісе ПЭН-цэнтра, у якога “Наша ніва” арандуе
памяшканне, пачаўся ў аўторак увечары. У рэдакцыі газеты былі двое
журналістаў, якія адмовіліся пускаць праваахоўнікаў без дазволу
кіраўніцтва. Па прыездзе галоўнага рэдактара газеты і адначасова
намесніка старшыні ПЭН-цэнтра Андрэя Скурко, супрацоўнікі КДБ трапілі ў
офіс. Самога рэдактара адвезлі дадому, дзе таксама правялі ператрус.

Згодна з ордэрам, ператрусы звязаныя з дзвюма крымінальнымі справамі: аб масавых беспарадках і аб знявазе дзяржаўнай сімволікі.

Нагадаем, у мінулую суботу ператрус адбыўся і на офісе Еўрарадыё, дзе
былі канфіскаваныя сістэмныя блокі, дыктафоны, флэш-карты і нават
нататнікі з візітніцамі. У адрозненні ад ПЭН-цэнтра і “Нашай нівы” ніхто
з супрацоўнікаў Еўрарадыё не прысутнічаў пры ператрусе, і нікому не
прад’яўлялі адпаведную пастанову.