Вы тут

У Офісе Ціханоўскай адказваюць, куды дзяваюцца мільёны еўра грашовай дапамогі

Усіх цікавіць, у чыіх кішэнях асядуць грошы / dreamstime.com

Еўрасаюз выдзяляе даволі значныя сумы на падтрымку грамадзянскай супольнасці ў Беларусі. На міжнародным узроўні Беларусь прадстаўляе Святлана Ціханоўская, таму пытанне да яе калегі: дзе грошы?

— Мы бачым вастрыню гэтага пытання і цікаўнасць да яго, — кажа кіраўнік Кабінета прадстаўнікоў Святланы Ціханоўскай Валерый Кавалеўскі. — Я каардынаваў працу па правядзенні ацэнкі патрэбаў для грамадзянскай супольнасці, у тым ліку праваабаронцаў, медыяў, пытанняў адукацыі. Усё гэта рабілася пад эгідай Офіса Святланы Ціханоўскай. Зроблена гэта было ў інклюзіўнай манеры, калі прадстаўнікі гэтых кірункаў маглі выказацца і зрабіць унёсак у дакумент, які быў прадстаўлены ў Еўрапейскую камісію.

— Гэтыя сумы сапраўды былі зацверджаныя, — працягвае Валерый Кавалеўскі. — Нацыянальныя ўрады нават пагадзіліся падвоіць гэтую дапамогу для Беларусі. Менавіта так і выйшла гэтая лічба. Толькі, здаецца, не 65, а 60 мільёнаў [напэўна, маецца на ўвазе еўра. — Еўрарадыё]. Тут я не буду аспрэчваць афіцыйныя заявы прадстаўнікоў Еўрапейскай камісіі.

Тое, як далей будуць размеркаваныя гэтыя сродкі, ніякім чынам не ўключае ў сябе ролю Офіса Святланы Ціханоўскай. Мы не ўдзельнічаем у прыняцці рашэнняў, хто атрымае ці не атрымае па праектных заяўках. Гэта прэрагатыва Еўрапейскай камісіі і тых партнёраў, якіх адбірае камісія для ацэнкі праектных заявак. Наша задача — стварыць неабходныя ўмовы для таго, каб знайсці гэтае фінансаванне. Офіс Святланы Ціханоўскай ніякім чынам не ўдзельнічае і не атрымлівае дапамогу з гэтых крыніц.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.