Вы тут

У нумары Naviband застануцца Ксюшыны "рожкі", шляпа і гітара Арцёма

Фота Еўрарадыё

22 красавіка прадстаўнікі Беларусі на "Еўрабачанні-2017" Naviband граюць у мінскім Палацы прафсаюзаў апошні канцэрт перад паездкай на конкурс. А сёння ў Белтэлерадыёкампаніі, якая прадзюсуе выступ гурта на "Еўрабачанні", музыкі распавялі пра гатоўнасць да выступу ў Кіеве.

Падрыхтоўкай Naviband займаецца ўкраінская каманда, вядомая па працы з Джамалай і Златай Огневіч. Прычым, Ксенія Жук і Арцём Лук'яненка самі выбралі, з кім будуць працаваць. Нумар будзе ўтрымліваць ідэю палёту, Naviband апрануць светлую вопратку і будуць на сцэне ўдвох, без бэнда.

"Мы будзем шчырымі і светлымі, такімі, якімі з'яўляемся ў жыцці, ― распавядае Ксенія Жук. ― Стыліст, калі маляваў эскіз касцюма, маляваў мяне з “рожкамі”, а Арцёма са шляпай, так што, “рожкі” застануцца. Мае рухі, ручкі, таксама застануцца, як і некаторыя нюансы, якія для нас важныя. Мы рады, што застанемся самі сабой".

Музыкі кажуць, што гатовыя выйсці на сцэну ўжо заўтра. Асабліва ім падабаюцца прэ-паці, самыя вялікія з якіх Naviband наведалі ў Тэль-Авіве і Астэрдаме.

"Пасля выступу ў Амстэрдаме мы і нарвежцы засталіся ў грымёрцы. Я дастаў гітару, і мы пачалі граць песні на нашых мовах. Паступова да нас далучыліся прадстаўнікі іншых краін. Мы гралі чатыры акорды, і па коле спявалі сусветныя хіты. Гэта быў джэм, які нас зрабіў сябрамі. Выдзеліць некага як канкурэнта мы не можам. Усе вялікія прафесіяналы, сапраўдныя музыкі. І нам прыемна быць сярод іх”, ― дзеліцца ўражаннямі Арцём. Ксюша дадае: “Вельмі па-іншаму адчуваецца "Еўрабачанне", калі ты знаходзішся ўнутры. Фестывальны дух, атмасфера. Мне падавалася, што там усё стрымана і гісторыі ўдзельнікаў пастановачныя. Шкада, што людзям не бачна, як насамрэч там душэўна ўнутры".

Відэа прадастаўленае піяр-менеджарам гурта Сяргеем Андрыянавым

На прэс-канферэнцыі музыкі прадставілі і прома-прадукцыю, якую павязуць у Кіеў. Ежы не будзе, затое будзе сто метраў стужкі, 700 значкоў, гальштукі-бабачкі (усё з арнаментам і ў беларускіх колерах ― белым, чырвоным і чорным, дарэчы, народныя майстры самі прапанавалі гурту дапамогу), календары з выявай музыкаў і буклеты, якія ўтрымліваюць не толькі інфармацыю пра дуэт, але і словы песні беларускай лацінкай, карту станаўлення беларускай дзяржаўнасці (рабілі, каб падкрэсліць значнасць Беларусі на карце Еўропы) і даты з гісторыі беларускай мовы (аўтарам ідэі прома-прадукцыі стаў піяр-менеджар гурта Сяргей Андрыянаў, а рэалізавала яе дызайнер Марына Ліс). Музыкі мяркуюць, што найбольшая цікавасць да іх ― менавіта праз песню на роднай мове, а не праз "жоўтую гісторыю", і што на конкурсе яны хочуць паказаць не толькі сябе, але і сваю краіну.

Падтрымаць Ксюшу і Арцёма едуць іх бацькі (тата Арцёма ― інструктар па гімнастыцы цыгун, таму збіраецца ладзіць для гурта сеансы медытацыі перад выступам), а таксама музыкі бэнда, сябры і шмат прыхільнікаў. Арганізатары "Еўрабачання" кажуць, што шмат квіткоў купілі менавіта беларусы.

1 траўня Naviband з'язджаюць у Кіеў. 3 траўня адбудзецца іх першая рэпетыцыя на сцэне "Еўрабачання". 11 траўня яны выступяць у паўфінале пад нумарам 14.

Адзін з фаварытаў сёлетняга "Еўрабачання", італьянец Франчэска Габані з беларускай стужкай на руцэ. Фота Сяргея Андрыянава
Новости других медиа
Загрузка...
Загрузка...

Галоўнае

Выбар рэдакцыі