У "Новым часе" дагэтуль не ведаюць прычыну затрымання галоўнай рэдактаркі

У "Новым часе" дагэтуль не ведаюць прычыну затрымання галоўнай рэдактаркі

У рэдакцыі "Новага часу" дагэтуль не ведаюь, за што і па якім артыкуле затрымалі галоўную рэдактарку Аксану Колб.

"Пра затрыманне мы даведаліся ад сваякоў. Мы не ведаем прычыны, нават артыкул, па якім яе затрымалі, нам пакуль невядомы. Мы не ведаем, ці звязана затрыманне з журналісцкай дзейнасцю Аксаны ці з нечым яшчэ", — распавялі супрацоўнікі "Новага часу" ў каментары Еўрарадыё. 

Аксану Колб затрымалі 20 красавіка. Да яе дадому прыйшлі сілавікі з кувалдамі і шчытамі. Пазней стала вядома, што яна затрыманая на 10 сутак — гэта значыць, што яна праходзіць па нейкай крымінальнай справе.

Газета “Новы час”, дзе Колб была галоўнай рэдактаркай, спыніла выхад у жніўні 2021-га, novychas.by быў заблакаваны ўладамі напрыканцы кастрычніка. Пасля гэтага з'явіўся сайт novychas.online. 

"Мы працягваем рабіць справу, распачатую газетай, якая на момант спынення выхаду была адзіным беларускамоўным грамадска-палітычным штотыднёвікам", — тлумачаць супрацоўнікі "Новага часу".

Журналісты кажуць, што рэакцыя чытачоў на звесткі пра затрыманне была прадказальнай: абурэнне, здзіўленне, што Аксана дагэтуль знаходзілася ў Беларусі.

"Мы вельмі ўдзячныя за словы падтрымкі, якія атрымалі пасля з’яўлення інфармацыі пра затрыманне Аксаны. Для нас тое, што здарылася, — нагода працаваць далей. Дзеля вызвалення Аксаны і ўсіх палітычных вязняў. Мы працягваем рабіць сайт novychas.online, весці акаўнты ў сацыяльных сетках і тэлеграме, здымаць ролікі для цік-току", — дадаюць супрацоўнікі выдання.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі