"У нас з рознага з Расіяй толькі прэзідэнты і валюта"

Днямі паўабаронца зборнай Беларусі Цімафей Калачоў прызнаўся, што заўсёды лічыў Расію роднай і блізкай краінай, і было б ідэальна, калі б мы з Расіяй былі адной краінай. Гэта не першае рэзананснае выказванне беларускага футбаліста.

"Справа не ў кар'еры — заўсёды лічыў Расію роднай і блізкай краінай. Тым больш у мяне тата — беларус, а мама — руская. Так што для мяне наогул адрозненняў няма — адны і тыя ж людзі. І да Расіі стаўлюся выдатна. Наогул, ідэальна, калі б мы былі адной краінай", — заявіў Калачоў.

"У Расіі на дадзены момант я наогул не адчуваю розніцы паміж беларусамі і расіянамі. Тым больш цяпер пайшло ўсё да таго, што тры дзяржавы (плюс Казахстан) аб'ядноўваюцца... У нас з рознага толькі прэзідэнты і валюта. Астатняе ўсё аднолькавае". (Крыніца)

Пра выкрыванні лозунгаў супраць Расіі падчас матча Беларусь — Украіна на “Барысаў-Арэне”:

"Я лічу, што паводзіны заўзятараў былі няправільнымі. Гэта былі не столькі заўзятары, колькі група людзей... Крычаць палітычныя лозунгі, я лічу, было няправільна. Што да нашых заўзятараў, то калі вы прыйшлі на футбол, то трэба ж сваю каманду гнаць наперад. Можа быць, у нас у канцоўцы і атрымалася б не прайграць. А выкрыкі ў адрас Расіі — гэта сапраўды, я лічу, глупства і няправільныя паводзіны. Ну і футбол — гэта не месца, напэўна, для гэтых рэчаў... Вядома, затрымліваць кагосьці таксама няправільна. Але калі людзі не балеюць, а выкрыкваюць палітычныя лозунгі... Напэўна, іх таксама затрымліваюць не проста так. Хаця ў нас краіна таксама такая, што за ўсякія правіннасці можна пацярпець. Гэта паказчык таго, што паводзіць сябе трэба асцярожна".

Пра негатыў ад думкі пра паводзіны фанатаў на матчы Беларусь — Украіна:

"Ой, адзіны момант — гэтую тэму не хачу кранаць... Калі нешта кажаш з гэтай нагоды, выліваецца столькі негатыву, крытыкі. Ці шкадую я пра сказанае? Ці варта ўжо шкадаваць? У мяне ёсць свой пункт гледжання наконт усёй гэтай сітуацыі. Але выказваць яго не буду", — сказаў Калачоў.

Пра магчымае заканчэнне кар'еры:

"Можа, і былі. Былі прычыны для іх з'яўлення. Выніку няма, узрост прыстойны... І так я ўжо вельмі шмат гадоў аддаў нашай камандзе. Выступаю за яе з 2004 года. Правёў найцудоўнейшы час. Наступіць момант, скончу. Але калі мяне выклікалі, значыць, яшчэ адпавядаю ўзроўню. Таму сюды і прыехаў. Калі б не было цікавасці і жадання, сказаў бы, што засяроджуся на сям'і. У клубе ж у хлопцаў цяпер выходныя, яны дома. А я тут. І яшчэ хачу гуляць за зборную . Яна па-ранейшаму ў мяне ў сэрцы". (Крыніца)

Пра развіццё футбола ў Беларусі:

"У першую чаргу адсутнасць інфраструктуры. У краіне амаль няма стадыёнаў. Нацыянальная зборная цяпер не можа гуляць нават у Мінску. Стадыён “Дынама” разбураны, а іншых арэн няма. Кажуць, яго пабудуюць нанова, але калі — невядома. Фінансавы складнік таксама кульгае. Умовы для гульцоў не спрыяюць іх росту і прагрэсу". (Крыніца)

Даведка Еўрарадыё: Цімафей Калачоў быў прызначаны капітанам зборнай на адборачны цыкл Еўра-2016 былым трэнерам каманды Георгіем Кандрацьевым. З капітанскай павязкай ён выводзіў нашу дружыну на матчы з Люксембургам (1:1), Украінай (0:2), Славакіяй (1:3). Заставаўся Калачоў капітанам і пры часовым выканаўцы абавязкаў галоўнага трэнера Андрэю Зыгмантовічу ў матчы з Іспаніяй (0:3). Аднак з прыходам цяперашняга трэнера Аляксандра Хацкевіча капітанская павязка перайшла да Аляксандра Мартыновіча, якую той носіць дагэтуль.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі