У МЗС адрэагавалі на паведамленні аб ДТЗ у Рызе і машыны з мінскімі дыпнумарамі

Удзельнік ДТЗ у Рызе быў на мінскіх дыпнумарах / tvnet.lv
Удзельнік ДТЗ у Рызе быў на мінскіх дыпнумарах / tvnet.lv

У МЗС Беларусі адрэагавалі на сюжэт пра ДТЗ у Рызе, які паказалі на адным з латвійскіх тэлеканалаў. Адзін з удзельнікаў ДТЗ расказаў, што ў яго ўрэзалася белая Audi. Кіроўца Audi, латвіец, паводзіў сябе груба, а потым увогуле уцёк з месца здарэння.  Але журналісты звярнулі ўвагу на нумарныя знакі аўто і прыйшлі да высновы, што машына — "з аўтапарка беларускіх дыпламатаў".

Гэта хлусня, адказалі ў беларускім МЗС. Прэс-сакратар беларускага знешнепалітычнага ведамства Анатоль Глаз нагадаў, што "дзякуючы намаганням латвійскага боку ў Рызе адсутнічаюць беларускія дыпламаты. Аўтары інсінуацыі, напэўна, забыліся гэта ўлічыць". На самай справе не забыліся. У публікацыі медыя адзначалася, што "пасля дэманстрацый і пратэстаў, якія адбыліся пасля сумнеўных прэзідэнцкіх выбараў у Беларусі, Латвія выслала некалькіх дыпламатаў, і цяпер пасольства суседняй краіны ў Рызе закрытае".

З нагоды нумарных знакаў аўтамабіля Глаз адзначыў, што такія нумары выдаюцца замежным дыпламатам, якія працуюць у Беларусі з мінскай рэгістрацыяй.

"Мы высветлілі прыналежнасць транспартнага сродку. З меркаванняў этыкі і прыстойнасці мы не хацелі б раскрываць усіх дэталяў, але камічнасць сітуацыі ў тым, што гаворка ідзе пра аднаго з еўрапейскіх дыпламатаў, які працуе ў нашай краіне", — сказаў прадстаўнік беларускага МЗС.

Заўважым, што ў тым ДТЗ ніхто не пацярпеў. Нават аўтамабіль другога ўдзельніка быў пашкоджаны не моцна — страхоўка KASKO пакрывае рамонт.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі