Вы тут

"У мяне цяпер самыя складаныя дні" — журналістка Ксенія Луцкіна з СІЗА

Ксенія Луцкіна / фота з сацсетак​

Палітзняволеная журналістка Ксенія Луцкіна піша, што ў яе цяпер няпросты час. Пра гэта расказваюць праваабаронцы. Днямі ад Луцкінай прыйшла паштоўка.

"У мяне цяпер самыя складаныя, напэўна, дні. Але спадзяюся... Веру. Дзякуй, што памятаеце! Добрага жніўня і настрою. Верце са мной..." — піша Ксенія.

Яна дзякуе свайму адрасату за дасланыя паштоўкі. "Паштоўкі са сланом такія пяшчотныя... Так і хочацца абняць кагосьці... Адпраўлю сыну! Дзякуй! Інакш абняць яго я не магу..." — адзначае журналістка.

Ксенія Луцкіна — адна з супрацоўніц БТ, якая сышла з тэлеканала пасля прэзідэнцкіх выбараў 2020 года. Пазней яна ўвайшла ў склад Каардынацыйнай рады, за што і была затрыманая ў снежні 2020-га. У зняволенні яна знаходзіцца ўжо больш за 17 месяцаў.  Ксенію абвінавачваюць па ч. 1 арт. 357 Крымінальнага кодэкса (змова або іншыя дзеянні, здзейсненыя з мэтай захопу дзяржаўнай улады).  

У зняволенні ў яе абвастрыліся праблемы са здароўем — пачала расці пухліна ў галаўным мозгу. Вядома таксама, што яна адмовілася пісаць прашэнне аб памілаванні на імя Лукашэнкі.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.