У Мінску заявілі, што заява кіраўніка Мінэнерга Расіі “падобная на прапаганду"

У Мінску заявілі, што заява кіраўніка Мінэнерга Расіі пра беларуска-расійскія перамовы па газе “больш падобная на прапаганду”. Прэс-сакратар беларускага прэм’ер-міністра Уладзіслаў Сычэвіч таксама назваў яе “неканструктыўнай”, інфармуе БЕЛТА.

Як паведамляла Еўрарадыё, 30 сакавіка ў падмаскоўных Горках адбылася сустрэча прэм’ер-міністра Беларусі Андрэя Кабякова і яго расійскага калегі Дзмітрыя Мядзведзева. Па яе выніках кіраўнік Мінэнерга Расіі Аляксандр Новак заявіў, што дамовіцца аб урэгуляванні канфлікту не ўдалося. Галоўная прычына — Беларусь не гатовая ліквідаваць запазычанасць у памеры 700 мільёнаў долараў за пастаўлены газ.

Сычэвіч кажа, што “неканструктыўная заява” расійскага міністра “не адпавядае таму, што насамрэч абмяркоўвалася на сустрэчы”. “Такая заява больш падобная на прапаганду, чым на канстатацыю фактаў”, — заявіў прэс-сакратар прэм’ер-міністра Беларусі. Ён падкрэсліў, што беларускі бок не разглядае названыя Новакам 700 млн долараў у якасці запазычанасці. Мінск настойвае на выкананні міжурадавага пагаднення па цэнаўтварэнні на газ, падпісанага ў лістападзе 2011 годзе. Па словах Сычэвіча, учора прэм’еры дамовіліся пра працяг перамоваў.