У Мінску з Алеі славы знікла елка народнага артыста Уладзіміра Гасцюхіна

У Мінску з Алеі славы знікла елка народнага артыста Уладзіміра Гасцюхіна

Елка, пасаджаная народным артыстам Уладзімірам Гасцюхіным, знікла з Алеі славы. Алея знаходзіцца на бульвары Мулявіна, за філармоніяй.

"Нават карэньчыка не засталося — толькі сціплая ямачка", — піша "Народная Воля". 

Як напісана на шыльдзе, дрэва было пасаджанае яшчэ ў 2017 годзе. Прычым знікла з Алеі славы толькі "елка Гасцюхіна". 

Выданне мяркуе, што гэта можа быць звязана з нядаўнім скандальным інтэрв'ю артыста расійскаму інфармагенцтву. Даем некаторыя цытаты з яго.

"Я рускі, я вяду ў Беларусі палітыку рускага чалавека. Яны мяне ненавідзяць, гэтыя нацысты: праходзяць часам, шыпяць, яны могуць мяне справакаваць на што-небудзь — і такое было", — казаў Гасцюхін у гэтым інтэрв'ю. Ён заявіў, што пры змене ўлады яму давядзецца з'язджаць з Беларусі, а то яго "заб'юць проста".

Нагаварыў актор і на пісьменніка-франтавіка Васіля Быкава: "[У 1990-я] русафобія ў Беларусі паднялася проста на высокі ўзровень! Людзі, якіх я ведаў, з якімі сябраваў, раптам пераабуліся ў паветры і сталі "нацыкамі". Калі пісьменнік Васіль Быкаў заявіў, што "ваяваў не на тым баку", то ён перастаў для мяне існаваць".

З павагай адзываўся пра Сталіна: "Да Сталіна стаўлюся вельмі добра. Я зараз вельмі шмат даведаўся, бо адкрыты архівы! Але яны працягнуць балбатаць пра 20—30 мільёнаў, пра гэтага Салжаніцына. Паставілі помнік яму… Усё хлусня, у Салжаніцына — хлусня на хлусні, гэта наогул ілжывы ідал! Калі б я раней гэта ведаў…"

У 1995-м Гасцюхін агучыў агітацыйны фільм Юрыя Азаронка "Дзеці хлусні", у якім у чорным святле паказвалася гісторыя нацыянальнай сімволікі і які быў скіраваны супраць Беларускага Народнага Фронту.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі