Прыхільніка “рускага свету” ў Мінску збілі за майку з сімволікай “ДНР”

Расійскае інфармацыйнае агенцтва “Рэгнум” шакуе: “Беларускія нацыяналісты перайшлі да адкрытага тэрору”! Па звестках агенцтва, у Мінску нібыта быў жорстка збіты прарасійскі актывіст Сяргей Ланавенка.

Са спасылкай на сустаршыню руху “Грамадзянская згода” Яўгена Канстанцінава “Рэгнум” паведамляе, што Ланавенку збілі 21 чэрвеня недалёка ад сталічнага гандлёвага цэнтра “МОМО”. Прычына нападу — майка з сімволікай “ДНР”.

“Страсенне, зламаная арбіта вока, зламаны нос, аскепак ледзь не трапіў у мозг, магчыма, патрэбная будзе аперацыя. Першапачаткова міліцыя адмовілася распачынаць крымінальную справу, але ўчора чамусьці вырашыла перадаць справу ў Следчы камітэт”, ― піша на сваёй старонцы ў “Фэйсбуку” Яўген Канстанцінаў.

Упершыню імя Сяргея Ланавенкі прагучала на пачатку лютага 2017 года, пасля таго, як 4 лютага прыхільнікі "рускага свету" правялі на плошчы Незалежнасці ў цэнтры Мінска несанкцыянаваны пікет, відэа з якога апублікавалі ў сацсетках. У акцыі ўзялі ўдзел шэсць чалавек — прыхільнікі незарэгістраванай арганізацыі "НВР-Беларусь" (НВР — нацыянальна-вызваленчы рух). Сярод іх ― і Сяргей Ланавенка. За парушэнне правілаў правядзення масавых мерапрыемстваў кожны ўдзельнік пікета быў  аштрафаваны на 690 рублёў.

У РУУС Заводскага раёна Мінску Еўрарадыё тлумачаць, што не могуць не прыняць заяву ад пацярпелага ― не маюць такога права паводле заканадаўства. Але ці паступала заява па факце збіцця Ланавенкі, сказаць складана:

“У нас да 70 заяў у суткі бывае, а часам і больш, ― адказвае Еўрарадыё начальнік крымінальнай міліцыі РУУС Заводскага раёна сталіцы Віталь Капілевіч. ― Таму, нешта канкрэтнае з гэтым прозвішчам звязанае… Ні пра што [гэтае прозвішча] не кажа”.

― Вы, можа, чулі пра гэтую сітуацыю хоць нешта? ― перапытвае Еўрарадыё

― Не.

Нічога не ведаюць пра збіццё Ланавенкі і ва ўпраўленні Следчага камітэта па Мінску.

“У вытворчасці ў падраздзяленняў Следчага камітэта па горадзе Мінску няма крымінальных спраў і матэрыялаў праверак датычна вышэйзгаданага грамадзяніна”, ― адказвае на пытанне Еўрарадыё афіцыйны прадстаўнік упраўлення СК па Мінску Марына Дранькова.

Аўтар артыкула на “Рэгнуме”, нібыта прадбачачы такія адказы, загадзя заяўляе: “Цалкам верагодна, улады Беларусі паспрабуюць прадставіць тое, што адбылося, як якое-небудзь дробнае хуліганства”.

Ці сапраўды Сяргея Ланавенку збілі? Звязацца з самім “пацярпелым” у Еўрарадыё не атрымалася. Няма яго каментарыяў і ў артыкуле на “Рэгнуме”, што не замінае яго аўтару, нейкаму Ізоту Якубені, пісаць што “Збіццё Ланавенкі пасля “справы рэгнумаўцаў” азначае пераход этнічнага нацыяналізму, якому ўлады ўсяляк спрыялі палітыкай беларусізацыі, ад негвалтоўных метадаў ціску і запалохвання да адкрытага тэрору”.