У Мінску дамовіліся пра рэжым спынення агню на Данбасе?

У аўторак, 10 лютага, у Мінску прайшло паседжанне трохбаковай кантактнай групы (Украіна — Расія — АБСЕ) з удзелам прадстаўнікоў самаабвешчаных рэспублік "ДНР" і "ЛНР". У беларускую сталіцу прыляцелі: экс-прэзідэнт Украіны Леанід Кучма, спецыяльны прадстаўнік па гуманітарных пытаннях, кіраўнік грамадскай арганізацыі "Украінскі выбар" Віктар Медвядчук, пасол Расіі ва Украіне Міхаіл Зурабаў, спецпрадстаўнік АБСЕ Хайдзі Тальявіні, прадстаўнікі самаабвешчаных "ДНР" і "ЛНР" Дзяніс Пушылін і Уладзіслаў Дэйнега. Мерапрыемства прайшло ў комплексе "Дыпсэрвіс Хол" у Вайсковым завулку.

Як інфармуе БЕЛТА, на паседжанні (яно працягвалася каля 2 гадзін) была ўзгодненая схема адводу цяжкага ўзбраення, была дасягнутая дамова пра рэжым спынення агню і пра кантроль за яго выкананнем. Абмяркоўвалася дзяржаўная пабудова Данбаса і правядзенне там мясцовых выбараў.

Як заявіў РІА "Новости" Пушылін, прадстаўнікі самаабвешчаных рэспублік перадалі іншым удзельнікам перамоваў свой праект пратакола аб урэгуляванні канфлікту ва Украіне. Паседжанне можа працягнуцца ў сераду раніцай.

Прадстаўнік "ДНР": Казаць пра спыненне агню пакуль рана

Нагадаем, папярэдняе паседжанне кантактнай групы прайшло ў Мінску 31 студзеня. Пасля яго Кучма заявіў пра зрыў перамоваў.

У сераду, 11 лютага, у беларускай сталіцы пройдзе сустрэча ў "нармандскім фармаце". Сітуацыю на Данбасе будуць абмяркоўваць канцлер Нямеччыны Ангела Меркель, прэзідэнт Францыі Франсуа Аланд, прэзідэнт Украіны Пётр Парашэнка і расійскі прэзідэнт Уладзімір Пуцін. Сённяшняя сустрэча кантактнай групы мусіла падрыхтаваць глебу для заўтрашніх перамоваў.

У аўторак баевікі абстралялі з артылерыі горад Краматорск у Данецкай вобласці, які кантралююць украінскія войскі. Загінулі 15 чалавек, параненыя 63, сярод іх 5 дзяцей. У сваю чаргу ўкраінскія вайскоўцы і добраахвотнікі з палка "Азоў" правялі наступ у раёне Марыупаля і прасунуліся на ўсход на 20 кіламетраў, вызвалілі некалькі населеных пунктаў.

Фота: Reuters, БЕЛТА

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі