Вы тут

У Мінску дадаткова ўсталююць больш за тысячу камер відэаназірання

Камер на мінскіх вуліцах стане яшчэ больш / БЕЛТА

Мінгарвыканкам зацвердзіў спіс аб'ектаў, дзе ў абавязковым парадку павінны з'явіцца відэакамеры. Гэта робіцца "ў інтарэсах забеспячэння грамадскага парадку". Пастанова гарадскіх улад і адрасы, дзе з'явяцца новыя сістэмы відэаназірання, апублікаваныя на Нацыянальным прававым партале.

У спісе каля 1100 аб'ектаў: школы, установы аховы здароўя, крамы і гандлёвыя цэнтры, інтэрнаты, АЗС, чыгуначныя прыпынкі і выезды з Мінска. Шмат новых камер з'явіцца ў цэнтры — на праспектах Незалежнасці і Пераможцаў, а таксама на прылеглых вуліцах, ля манумента Перамогі.

Вясной мінскія рэстаратары скардзіліся, што іх вымушаюць падключыцца да сістэмы відэаназірання, калі яны хочуць працаваць пасля 23:00. Пры гэтым дагавор павінен быў заключыць уласнік памяшкання, а выдаткі на ўстаноўку і эксплуатацыю прапаноўвалася ўзяць на сябе арандатару.

Акрамя таго, летам улады казалі, што хочуць замяніць аператара, адказнага за сістэму відэаназірання, — адмовіцца ад прыватнай кампаніі "24х7 Паноптес" ("дачкі" IT-гіганта Synesis) і зрабіць аператарам "Белтэлекам". Нагадаем, менавіта Synesis распрацоўвае софт для беларускага "Вялікага Брата". З-за гэтага кампанія патрапіла пад санкцыі ЕС.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.