У Мінску арыштавалі ціктокера, які здымаў відэа пра "ПВК Родан"
Затрыманы ціктокер / t.me/mediazona_by/
У Мінску арыштавалі ціктокера im_ileva (Артура Ахмадзі), які здымаў відэа пра "ПВК Родан". Ён атрымаў 10 сутак за "распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў". Адміністрацыйную справу разглядаў суд Мінскага раёна, піша "Медыязона" са спасылкай на знаёмага ціктокера.
Раней сілавікі апублікавалі відэа з хлопцам, у якім ён расказваў, што змяшчаў відэа з сімволікай "ПВК Родан" і яно набрала ў ціктоку 100 тысяч праглядаў, назваў і іншыя "парушэнні". Міліцэйскае відэа з'явілася і ў ціктоку арыштаванага.
Як паведамляла МУС, 2 сакавіка ў Мінску затрымалі каля 80 чалавек, якіх падазравалі ў дачыненні да "руху" "ПВК Родан". Раней міліцыя затрымала 200 чалавек у Гомелі і паўсотні ў Брэсце. Следчы камітэт распачаў крымінальную справу за "арганізацыю і падрыхтоўку дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак".
"ПВК Родан" — моладзевая субкультура, звязаная з анімэ. Яе ўдзельнікаў можна пазнаць па чорных майках і світшотах з павуком і клятчастых штанах. Іх акцыі пачаліся ў Расіі.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.