Масавыя арышты падлеткаў і сходы ля ГЦ. Усё праз ПВК "Родан", а што гэта?

"Ёў, чалавек надзеў адзенне "Родан", ёсць трэкі і анімэ — ён у "Родане" / калаж Улада Рубанава, Еўрарадыё

 
"Ёў, чалавек надзеў адзенне "Родан", ёсць трэкі і анімэ — ён у "Родане" / калаж Улада Рубанава, Еўрарадыё  

Школы ў Беларусі папярэджваюць бацькоў, каб не пускалі дзяцей 1 сакавіка ў раёны гандлёвых цэнтраў, паведамляюць крыніцы Еўрарадыё. За дзень да гэтага міліцыя ў Гомелі затрымала 200 чалавек за спробу правядзення масавай акцыі. З іх 183 — непаўналетнія.

МУС кажа, што затрыманыя — чальцы прыватнай вайсковай кампаніі "Родан", гэта значыць "Павукі". Навіны пра "Родан" і бойкі, у якіх нібыта ПВК удзельнічае, з'явіліся таксама ў Расіі, Польшчы і Украіне.

Пра гэтую ПВК да канца лютага, падобна, ніхто не чуў. У афіцыйных паведамленнях ПВК "Родан" апісваецца як моладзевая дэпрэсіўная субкультура, звязаная з анімэ. Людзей з "Родана" можна пазнаць па чорных майках і світшотах з павуком і клятчастых штанах.

Але хто такія прадстаўнікі "Родан"? Навошта раптам вырашылі масава збірацца цяпер і як да іх далучыцца? Еўрарадыё высветліла, што адбываецца, і даведалася меркаванне псіхолага.
 

З чаго ўсё пачалося?

Гісторыя пачала набіраць абароты ад бойкі падлеткаў у Маскоўскім ГЦ "Авіяпарк" 19 лютага. Адным з бакоў канфлікту былі "роданаўцы", але пра ЧВК гаворкі не было.

У тэлеграм-чатах, звязаных з "Роданам", пішуць, што пачалі ўсё "офнікі" — спартова апранутыя і агрэсіўныя маладыя людзі. Пра бойку стала шырока вядома. У прыватнасці, у сетцы ёсць відэа, на якім хлопца ў доўгай чорнай майцы з павуком на спіне прымушаюць прасіць прабачэння за тое, што кампанія падлетка называла іншых "малпамі", "хачамі" і "зачапіла нацыю, зачапіла рэлігію".

— Наколькі я ведаю, тыпу асноўнай крыніцай наогул вось гэтай усёй дзвіжухі тыпу бл*ць... пайшло праз цікток. То бок, у "Авіяпарку" адбылася бойка, гэта канкрэтна свяцілі. У ціктоку, карацей, пайшла вось гэтая ўся дзвіжуха, вось гэтыя вось відосы пра "Родан" і ўсё, і бл*ць пайшло-паехала ва ўсіх гарадах, потым ва Украіне, Беларусі, — кажуць у адным з чатаў.
 

"Ёў, чалавек надзеў адзенне "Родан", ёсць трэкі і анімэ — у "Родане"

Бойкі пачалі адбывацца ў іншых гарадах Расіі, ва Украіне, а беларускія падлеткі паспелі толькі сабрацца ля ГЦ у Гомелі. Якраз перад гэтым аб'явілася нейкая ПВК "Родан", якая была гатовая адказваць сілай "офнікам". Ёсць версія, што ПВК — жартоўная назва, таму што анімэшнікі змаглі даць адпор.

Массовые аресты подростков в Беларуси и сборы у ТЦ. Что такое ЧВК "Рёдан"?
ПВК "Родан" / фота з тэлеграм-канала руху

З сапраўднай прыватнай ваеннай кампаніяй гэта сапраўды мае мала агульнага. Хутчэй гэта аб'яднанне падлеткаў па інтарэсах. Яны любяць анімэ "Hunter X Hunter". А рэчы з павуком — гэта не нейкі спецыяльны мерч, а калекцыя брэнда Hikikomori kai genei ryodan, якая выйшла ў 2020 годзе.

— “Hunter x Hunter” — гэта цікавы сюжэт, — кажа анімэшніца з Мінска.  — Гэта анімэ-апавяданні пра сяброўства і ўзаемадачыненні розных людзей адзін з адным. Вучыць не апускаць рукі, нават калі вельмі цяжка, і ісці да канца. У анімэ добра прапрацаваныя персанажы і іх эмоцыі. Агрэсіўнасць, вядома, прысутнічае, таму што такі жанр. А "Родан"  — гэта асобная злачынная групоўка ў самым анімэ.

"Hunter" лічыцца адным з самых папулярных анімэ, адпаведна, вялікі фандом, але пік папулярнасці прайшоў яшчэ летась.

Массовые аресты подростков в Беларуси и сборы у ТЦ. Что такое ЧВК "Рёдан"?
Анімэ Hanter x hunter / viz.com

Мы паспрабавалі знайсці нейкую ідэалогію "Родана". Глядзім сацсеткі і тэлеграм-каналы па тэме. Большасць тэлеграм-каналаў створаныя літаральна ў разгар сутычак у Расіі, а падпісанты там накручаныя часам да мільёнаў. Абмеркаванні закрытыя. Публікуюцца ў асноўным падазроныя спасылкі, падобныя на тыя, з дапамогай якіх скрадаюць акаўнты, спам ці парнаграфію. Не падобна, каб тут сур'ёзна абмяркоўвалі надзённыя праблемы субкультуры.

Знайшоўся больш стары і відавочна агрэсіўны канал на 4,5 тысяч падпісчыкаў "Пакаленне Родан". Праўда, такім ён стаў з 19 лютага. Ёсць і большы канал — ён сабраў 19,3 тысячы людзей. Там уладальнік спрабуе патлумачыць, што "Родан" — гэта проста людзі, якім падабаецца “Hunter x Hunter”.

У лакальным пабліку "Пакаленне Родан" з Цюмені ўдзельнікі проста стасуюцца, абмяркоўваюць тое, што адбылося, тэстуюць, як телеграм расшыфроўвае аўдыёпаведамленні. Агрэсіўных тут спамяць, да ПВК ставяцца скептычна. Аднаго з адміністратараў чата просім расказаць, а як патрапіць у пакаленне Родан, што гэта наогул? Калі заўтра пачаць глядзець "Hunter x Hunter" і прыкупіць патрэбны лук — атрымаецца патрапіць у тусоўку?

— Ды проста людзі ў Родане. Ёў, гэта ж лагічна, што чалавек надзеў адзенне "Родан", ёсць трэкі і анімэ — ён у "Родане".

Массовые аресты подростков в Беларуси и сборы у ТЦ. Что такое ЧВК "Рёдан"?
Адзенне "Родан" / фота з тэлеграм-канала суполкі

Аказваецца, неабавязкова ўступаць у нейкія ПВК.

— Мяркую, што гэта [ПВК. — Еўрарадыё] зборышча малалетак з сіндромам васьмікласніка. І менавіта пасля іх з'яўлення фандом стаў вельмі некамфортным, — адзначае наша суразмоўніца з Мінска.
 

Падлеткі не вытрымліваюць напружання

Выбуховае праяўленне субкультуры цяпер можа адбывацца з некалькіх прычын, лічыць псіхолаг Васіль Пронь.

— Па-першае, дзяржавам не да падлеткаў з прычыны вайны або эканамічных, сацыяльных узрушэнняў. Па-другое, ёсць вонкавы, псіхалагічны ціск, які ўплывае на разуменне таго, куды далей рухацца, як жыць. Ціск нявызначанасці.

Гэта адбываецца з усім грамадствам з улікам вайны ва Украіне і таго, што прапаганда вельмі актыўна працуе. Яна спрабуе падмяніць рэальнасць, і гэта стварае псіхалагічны ціск. А ў падлеткаў псіхіка недастаткова ўстойлівая — яны яшчэ фармуюцца як асобы і больш адчувальныя.

Прапаганда, з аднаго боку, легітымізуе гвалт і выхад агрэсіі, а з другога боку, задушвае тыя выхады, якія не падабаюцца дзяржаве. Гэта таксама цісне на падлеткаў. І ў любым выпадку нейкім чынам гэта б вылілася ў штосьці. Субкультуры — якраз звычайны адказ супраць уціску. Яны існуюць у падлеткаў ва ўсе часы, але найбольшую вядомасць і праяўленасць у асяроддзі атрымліваюць у такіх абставінах.
 

Правы на агрэсію па прыкладзе дарослых

Спецыяліст адзначае, што назва новага руху складаецца з дзвюх частак. "Родан" — з анімэ. А ПВК — з рэальнасці.

— Падлеткі пазычаюць гэтую абрэвіятуру ў дарослых. Некаторыя ПВК маюць дзяржаўную падтрымку і вялікую вядомасць у грамадстве ў Расіі, хоць і знаходзяцца ў нелегальным полі. Думаю, падлеткі робяць гэта напаўсвядома, але гэта таксама характэрная асаблівасць. Яны не называюць сябе абаронцамі, не імкнуцца паказаць, што яны добрыя. Яны легітымізуюць па прыкладзе дарослых свае правы на агрэсію.

Гэткім чынам падлеткі здымаюць напружанне з дапамогай агрэсіі або гвалту. Пры гэтым яны гуртуюцца. Гэта дае ім магчымасці прасцей абараняць сябе і процідзейнічаць ціску нявызначанасці будучыні. Агрэсія як дзеянне дае эмацыйны стан злосці, што выціскае эмацыйны стан бездапаможнасці і страху.

Што тады чакаць далей, калі праблемы нікуды не падзенуцца? Маладыя людзі нават мацней адчуваюць на сабе уціск рэпрэсій.

— Вангую, што будзе яшчэ большае напружанне, але не думаю, што сітуацыя будзе такой вострай, як у Расіі. У Гомелі частка моладзі казала, што прыйшла проста з цікавасці. Усё ж такі можа быць розніца ў менталітэце і ў беларусаў ёсць досвед 2020 года, калі задушвалі пратэсты. Таму сапраўды невядома, як гэта разгорнецца ў Беларусі.

Але ў нас павялічыўся гвалт у дачыненні да жывёлаў. І на жывёлах такое не сканчаецца. Не будзе масавых боек — будуць біцца ў дварах, дзе міліцыянтаў на кожнага не паставіш. Булінг будзе павялічвацца ў школах. Гэта знешнія выхады, калі псіхіка не вытрымлівае.

Таксама напружанне можа скіроўвацца і ў іншых напрамках — алкаголь, наркотыкі, серыялы, кампутарныя гульні, сэлфхарм або суіцыд, ці яшчэ большы сыход у нейкую субкультуру. І чым большы знешні ціск, тым больш такіх праяў, — падсумоўвае Васіль Пронь.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі