У Мінску АМОН разагнаў акцыю салідарнасці з палітвязнямі (фота)

Супрацоўнікі мінскага АМОНу разагналі мірную акцыю салідарнасці з палітвязнем Мікалаем Аўтуховічам, які абвясціў галадоўку. Акцыя адбывалася 1 траўня каля СІЗА на вуліцы Валадарскага.  Як паведамляе "Хартыя'97", актывісты грамадзянскай кампаніі "Еўрапейская Беларусь" і "Маладога Фронту" сталі каля ізалятара з партрэтамі вязняў сумлення, расцяжкай "Свабоду палітвязням!". Таксама яны трымалі нацыянальныя бел-чырвона-белыя і еўрапейскія сцягі. Апазіцыянеры скандавалі "Свабоду палітвязням!" і "Жыве Беларусь!".



Каля 30 дэманстрантаў заявілі, што вышлі падтрымаць Мікалая Аўтуховіча, бо сёння яго жыццю пагражае рэальная небяспека. Удзельнік вайны ў Афганістане, узнагароджаны ордэнам Чырвонага сцяга і медалём "За адвагу", Аўтуховіч хварэе на панкрэатыт і бестэрміновая галадоўка можа яго забіць.

Праз 10 хвілін пасля пачатку акцыі да турмы пад'ехаў аўтазак з амонаўцамі. Дэманстрантаў узялі ў кола і паспрабавалі выціснуць з вуліцы. Пры гэтым амонаўцы выхоплівалі з рук актывістаў партрэты і рвалі іх.



Пры гэтым амонаўцы білі заціснутых у кола людзей па нырках, па спінах, па нагах. Быў збіты былы палітвязень, моладзевы лідэр Андрэй Кім. Такім чынам дэманстрантаў пад канвоем давялі да станцыі метро "Фрунзенская".



Тым не менш акцыі салідарнасці з Мікалаем Аўтуховічам, а таксама Юрыем Лявонавым і Ўладзімірам Асіпенкам плануецца ладзіць штодня ў 18.00 на Кастрычніцкай плошчы Мінску.



Фота — Хартыя'97

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі