У Мінску адзначылі нацыянальнае валійскае свята (фотарэпартаж)

28 лютага
Еўрарадыё сумесна з брытанскай амбасадай ладзіла валійскую вечарыну,
прысвечаную Дню святога Дэвіда - ахоўніка Уэльса. 1 сакавіка адзначаецца
валійцамі па ўсім свеце як нацыянальнае свята. Цікава і тое, што Часовы Павераны
ў справах Вялікабрытаніі Найджэл Гулд-Дэвіс нарадзіўся ў гэты ж дзень.
Імпрэза ў
брытанскай амбасадзе пачалася з гукаў арфы – валійскага нацыянальнага музычнага інструмента.
А калі сабраліся ўсе госці, прысутных прывітаў сам амбасадар і яго сябра валіец
Гарэт Попкінс, які каротка распавёў пра Уэльс і яго культуру.

У канцы прамовы Гарэт папрасіў
прабачэння за тое, што будзе чытаць з паперкі і пачаў казаць па-беларуску:

“Дзякую вам за ўвагу. Я ўпершыню
ў Мінску. Мае ўражанні самыя добрыя. І, паколькі вы зараз цярпліва слухалі пра
маю краіну, я вельмі спадзяюся паразмаўляць з вамі пра Беларусь”.

Далей на працягу 3 гадзінаў
выступалі беларускія калектывы “Кроў Зрыў” і Artes Liberales, якія выконвалі
кельцкую музыку. А ўсе наведвальнікі імпрэзы частаваліся нацыянальнай валійскай
кухняй ды выдатным глінтвейнам. Ну, а закрывала вечар “Шола ірландскага танца”,
дзе акрамя ірландскага стэпу танчылі і пад беларускую музыку. Дарэчы, на
вечарыне прысутнічалі трое пераможцаў конкурсу Еўрарадыё, па ўмовах якога трэба
было назваць 10 падабенстваў Уэльса і Беларусі.

Цікава, што і тыя конкурсы,
звязаныя з гісторыяй і культурай Уэльса, якія ладзіліся ды-джэямі Еўрарадыё
падчас імпрэзы, былі таксама выйграны адным з нашых пераможцаў, да таго ж з
сапраўднай лёгкасцю.

У канцы вечарыны амбасадар
падзякаваў усім прысутным і паабяцаў, што гэта быў не апошні раз, калі
нацыянальныя святы краінаў Вялікабрытаніі адзначаюцца ў амбасадзе.