Вы тут

У Мінгарвыканкаме палічылі "Свята вышымайкі" несанкцыянаваным мерапрыемствам

Падчас Symbal.by Fest / Раман Пратасевіч, Еўрарадыё

Symbal.by Fest (альбо "Свята вышымайкі") чыноўнікі Мінгарвыканкама палічылі несанкцыянаваным мерапрыемствам і падалі заяву ў міліцыю. Пра гэта напісаў у сацсетках заснавальнік кампаніі Symbal.by Павел Белавус

"Свята вышымайкі" прайшло 23 жніўня ў мінскай "Пясочніцы". Удзел у дабрачынным канцэрце прынялі гурты Akute, :B:N:, Dzieciuki ды Navi Band. 

Па словах Белавуса, перад канцэртам у "Пясочніцу" з праверкай прыйшоў намеснік начальніка ўпраўлення культуры Мінгарвыканкама Аляксандр Шастакоў. Чыноўнік выказаў прэтэнзіі да правядзення музычных мерапрыемстваў без дазволу. 

Белавус прыйшоў на прыём да Шастакова і паказаў дакументы на арэнду пляцоўкі, абсталяванне, ахову і г.д. У адказ чыноўнік заявіў, што арганізатары канцэрта павінныя прытрымлівацца заканадаўства. 

"Я сказаў, што мы прытрымліваемся заканадаўства, а дакладней Кодэкса аб культуры, дзе ў пункце 7 артыкула 213 гаворыцца, што ні пасведчання, ні дазволу, ні ўзгаднення для арганізацыі і правядзення культурна-відовішчнага мерапрыемства на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь не патрабуецца, калі культурна-відовішчныя мерапрыемствы праводзяцца без атрымання прыбытку (даходу) з удзелам запрошаных выканаўцаў.

І спытаў у Шастакова: ці правільна я разумею заканадаўства? Ён адказаў, што не ў яго абавязках тлумачыць нам законы.

На гэтым мы і разышліся. А я так і не пачуў ад яго канкрэтыкі — што не так мы робім і што ён хоча", — піша Белавус. 

Аднак пасля канцэрту выявілася, што з упраўлення культуры Мінгарвыканкама была напісаная заява ў міліцыю на правядзенне несанкцыянаванага мерапрыемства. 

Цяпер па выніках праверкі міліцыянты паведамілі, што адміністрацыйная справа супраць Белавуса спыненая, бо парушэння ў яго дзеяннях няма. 

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.