Вы тут

У Магілёўскім тэатры звольнілі дырэктара — ён не караў акцёраў за іх погляды

Андрэй Новікаў / З архіва sb.by

З 25 лістапада Андрэй Новікаў больш не з'яўляецца дырэктарам Магілёўскага абласнога драматычнага тэатра. Наймальнік скасаваў з ім кантракт.

Калектыў мяркуе, што дырэктара, які паспяхова ўзначальваў тэатр каля 20 гадоў, звольнілі, таму што ён "палічыў непрымальным для сябе звальняць сваіх супрацоўнікаў па неабгрунтаваных і незаконных прычынах". Пра гэта гаворыцца ў паведамленні, апублікаваным на старонцы тэатра ў Facebook.

Аўтары паведамлення ўспамінаюць, што каля двух месяцаў таму адбылася сустрэча работнікаў тэатра з начальнікам упраўлення культуры Магілёўскага аблвыканкама Алегам Стэльмашонкам. Чыноўнік паабяцаў калектыву, што дырэктара не будуць звальняць з-за палітычных поглядаў некаторых работнікаў. Тым не менш кантракт з ім быў скасаваны.

"Калектыў тэатра лічыць рашэнне аб звальненні кіраўніка неабгрунтаваным і несправядлівым" і "гатовы і далей паспяхова працаваць пад кіраўніцтвам Новікава", гаворыцца ў звароце.

Калегі Новікава падрабязна апісваюць, як шмат ён зрабіў на пасадзе дырэктара: стварыў "моцны, згуртаваны, паспяховы творчы калектыў", ініцыяваў і кіраваў фестывалем "М[email protected]кантакт", які з'яўляецца "адным з найбуйнейшых і самых вядомых тэатральных фестываляў Усходняй Еўропы".

Акрамя таго, пры Новікаве тэатр стаў лаўрэатам шматлікіх міжнародных і рэспубліканскіх фестываляў, тройчы станавіўся лаўрэатам Нацыянальнай тэатральнай прэміі Беларусі. У маі 2020 года Магілёўскі аблдрамтэатр быў уганараваны званнем "Заслужаны калектыў Рэспублікі Беларусь", і ў гэтым ёсць "велізарная асабістая заслуга Новікава", кажуць яго калегі.

Ён сам быў неаднаразова адзначаны ўзнагародамі, у тым ліку медалём Францыска Скарыны. Нават ва ўмовах каранавіруса змог наладзіць працу тэатра — за год трупа выпусціла 10 прэм'ер.

Калектыў тэатра звярнуўся да чыноўнікаў Упраўлення культуры Магілёўскага аблвыканкама з просьбай пакінуць Новікава дырэктарам.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.