У Ляхавічах мужчына арганізаваў замах на былую жонку, яе ўдарылі шпрыцам
У Ляхавічах 41-гадовы мужчына арганізаваў замах на былую жонку. Як паведаміў БЕЛТА афіцыйны прадстаўнік УУС Брэсцкага аблвыканкама Сяргей Дучэнка, зламыснік планаваў заразіць 38-гадовую жанчыну ВІЧ-інфекцыяй. На шчасце, гэтыя планы не былі рэалізаваныя.
Мужчына наняў для выканання нападу на былую жонку 33-гадовага мясцовага жыхара, які раней меў праблемы з законам. Апошні ў стане алкагольнага ап’янення дачакаўся з’яўлення ў двары дома жанчыны і ўдарыў яе ў нагу медыцынскім шпрыцам. Пацярпелая звярнулася ў міліцыю, зламысніка затрымалі. У яго дачыненні распачалі крымінальную справу за “хуліганства”.
Праваахоўнікі даведаліся, што напад замовіў былы муж жанчыны. Ён заплаціў за гэта 50 долараў. У шпрыцы мусіла быць заражаная кроў. Аднак выканаўца набраў у шпрыц незаражаную кроў. Былога мужа затрымалі. У яго дачыненні распачалі крымінальную справу па артыкуле “заражэнне вірусам імунадэфіцыту чалавека”. Яму пагражае ад 5 да 13 гадоў пазбаўлення волі.