У Лондане на аўкцыён выставілі печыва, зробленае ў 1805 годзе

У Лондане выставілі на аўкцыён печыва, якое захавалася з 1805 года, паведамляюць замежныя СМІ. Гэта найстарэйшае ў свеце печыва, якое належала ўдзельніку Трафальгарскай бітвы, матросу Томасу Флетчару з карабля Defence. Ён вярнуўся дадому і прывёз рэліквію.

З таго моманту печыва захоўвалася ў сям’і Флетчараў, прадстаўнікі якой выставілі яго ў 2005 годзе на таргі Sotheby’s. Выпечку набыў калекцыянер, які пажадаў застацца невядомым. З таго часу кошт печыва, зробленага з мукі, солі і вады, значна ўзрос. Цяпер кошт снэка можа перавышаць 4 тысячы долараў.

Гісторыкі мяркуюць, што такое печыва было важнай часткай рацыёну маракоў, пакуль у 1847 годзе на караблях не з’явіліся кансервы.

Трафальгарская бітва адбылася ў кастрычніку 1805 года ў Атлантычным акіяне: ля мысу Трафальгар на паўднёвы захад ад іспанскага ўзбярэжжа англічане разбілі франка-іспанскую эскадру. Падчас баталіі загінуў камандуючы англійскім флотам адмірал Нэльсан.