У Літве прапануюць пазбаўляць грамадзянства за падтрымку вайны супраць Украіны

Калі папраўкі будуць прынятыя, то грамадзянства Літвы могуць пазбавіць фігурыстку Маргарыту Драбязка  / РІА Новости
Калі папраўкі будуць прынятыя, то грамадзянства Літвы могуць пазбавіць фігурыстку Маргарыту Драбязка  / РІА Новости

У Літве прапануюць пазбаўляць грамадзянства за падтрымку вайны Расіі супраць Украіны. З ініцыятывай выступілі трое дэпутатаў Сойма. Яны ўжо распрацавалі праект паправак у закон аб грамадзянстве. Сёння ён можа быць зарэгістраваны ў базе заканадаўчых актаў парламента, піша літоўскі грамадскі вяшчальнік LRT. Гаворка пра пазбаўленне грамадзянства замежнікаў, якія атрымалі літоўскія пашпарты ў парадку выключэння. 

"Ёсць 6 выпадкаў пазбаўлення грамадзянства Літвы, аднак няма такога, які прадугледжваў бы механізм пазбаўлення грамадзянства чалавека, грамадзяніна іншай краіны, які атрымаў літоўскае грамадзянства ў парадку выключэння, калі ён падтрымлівае агрэсараў і такім чынам уяўляе пагрозу для Літвы, рэгіёна і саюзнікаў", — гаворыцца ў тлумачальнай запісцы да праекта.

Пра неабходнасць унесці змены ў закон аб грамадзянстве загаварылі пасля гісторыі з фігурыстамі Маргарытай Драбязка і яе мужам Повіласам Ванагасам. Яны паўдзельнічалі ў лядовым шоу ў Сочы, якое арганізавала жонка Дзмітрыя Пяскова Таццяна Наўка. Драбязка атрымала літоўскае грамадзянства якраз у парадку выключэння.

Напярэдадні прэзідэнт Літвы Гітанас Наўседа пазбавіў фігурыстаў літоўскіх дзяржаўных узнагародаў. Са словаў Наўседы, Драбязка і Ванагас перакрэслілі свае заслугі перад Літвой "цынічным учынкам удзелу ў камерцыйным мерапрыемстве ў Сочы ў той час, як ва Украіне праліваецца кроў нявінных людзей".

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі