У Літве чакаюць, што стане больш беларусаў, што прэтэндуюць на пашпарт замежніка

У апошнія гады з палітычных прычын з Беларусі з'ехалі сотні тысяч беларусаў / Reuters

У апошнія гады з палітычных прычын з Беларусі з'ехалі сотні тысяч беларусаў / Reuters

Пасля спынення выдачы пашпартоў у пасольствах і консульствах РБ беларусы, якія ўцяклі ад рэжыму Аляксандра Лукашэнкі ў Літву, змогуць звяртацца ў Дэпартамент міграцыі па выдачу пашпарта замежніка. Дырэктар Дэпартамента міграцыі Літвы Эвеліна Гружынскайтэ прагназуе, што колькасць беларусаў, якія жадаюць атрымаць пашпарт замежніка, значна павялічыцца. З-за гэтага яшчэ больш узрасце нагрузка на ведамства, паведамляе Delfi.

"Тыя, хто баіцца вяртацца ў Беларусь, у паніцы думаюць, што давядзецца рабіць, — кажа Гружынскайтэ. — Але ёсць такі механізм — аформіць пашпарт замежніка. І калі раней мы выдавалі некалькі дзясяткаў такіх пашпартоў у год, то цяпер іх будзе нашмат больш... Гаворка ідзе пра некалькі тысяч беларусаў, у якіх можа ўзнікнуць патрэба".

Кіраўніца Дэпартамента міграцыі адзначае, што пашпарт замежніка можа быць выдадзены толькі тым беларусам, якія жывуць у Літве і не могуць вярнуцца ў Беларусь з гуманітарных ці палітычных прычын. Таму, паводле яе слоў, Дэпартаменту міграцыі перад выдачай дакументаў неабходна будзе правесці "дадатковыя ацэнкі".

"Нам давядзецца ацэньваць, таму што пашпарт замежніка выдаецца толькі тым асобам, якія не могуць вярнуцца ў Беларусь і аб'ектыўна не могуць атрымаць пашпарт сваёй краіны", — кажа Эвеліна Гружынскайтэ.

З 7 верасня пачаў дзейнічаць указ Аляксандра Лукашэнкі, паводле якога грамадзяне Беларусі, якія жывуць у іншых краінах, не могуць атрымліваць новыя пашпарты ў дыппрадстаўніцтвах РБ. Для гэтага ім трэба ехаць у Беларусь, а гэта звязана з рызыкай затрымання.

Адзін з выхадаў з гэтай сітуацыі для палітуцекачоў — праект пашпартоў "Новай Беларусі".

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі