У Літве баяцца радыяцыйнага попелу з беларускай драўніны

У Літве баяцца радыяцыйнага попелу з беларускай драўніны

У Літве занепакоіліся радыеактыўным попелам, які з’яўляецца пасля спальвання беларускай і ўкраінскай драўніны ў якасці біяпаліва. Пра гэта заяўляе дырэктар цэнтра радыеактыўнай бяспекі Літвы Альбінас Мастаўскас:

“Пакуль Літва для паліва выкарыстоўвала сваю драўніну, усё было добра. Хоць і яна забруджаная радыеактыўным цэзіем, але яго ўзровень не такі, каб у попеле згарэлай драўніны ён ператварыўся ў радыеактыўныя адкіды. Але калі пачалі больш шырока выкарыстоўваць біяпаліва, пачаўся імпарт драўніны з Беларусі і Украіны”, — цытуе Мастаўскаса літоўскі партал DELFI.

Дырэктар цэнтра мяркуе, што з нашай краіны, а таксама з Украіны ў Літву трапляе драўніна з больш высокім узроўнем утрымання цэзію. Калі выкарыстоўваць яе ў будаўніцтве, для вытворчасці мэблі або іншых патрэбаў, колькасць радыеактыўнага цэзію не будзе небяспечнай. Але калі такую драўніну спаліць, узровень забруджання павышаецца прыкладна ў 300 разоў, і попел ператвараецца ў радыеактыўныя адкіды.

Попел з невялікім узроўнем забруджання дазваляецца выкарыстоўваць для ўгнаення палёў, але калі гэта рабіць доўгі час —  палі, лясы і грунтовыя воды могуць устойліва забрудзіцца. Таму пры вырашэнні гэтай праблемы стварыліся максімальна дапушчальныя значэнні радыяцыйнага фону ў попеле.

У Літве баяцца радыяцыйнага попелу з беларускай драўніны
Біяпаліва з драўніны. Фота: rus.err.ee

Паводле слоў Мастаўскаса, некаторы час таму ад прадпрыемства Vilniaus energijа цэнтр радыяцыйнай бяспекі атрымаў некалькі дакументаў, якія сведчаць, што ў драўніне для паліва фон перавышаў дапушчальнае значэнне.

“У дакументах не было пазначанае паходжанне драўніны. Зараз мы спрабуем высветліць, што здарылася, і будзем запрашаць ўстановы на дыскусію, што рабіць, каб пазбегнуць такіх выпадкаў”.

Пасля выбуху на Чарнобыльскай АЭС 26 красавіка 1986 года па-над Еўропай з’явілася вялікае радыеактыўнае воблака. 70% радыяцыйных элементаў асела на тэрыторыі Беларусі, наступствы гэтага адчуваюцца і цяпер.

За межамі Савецкага Саюза больш за ўсё пацярпела ад радыяцыі ўсходняя частка Польшчы і частка тагачаснай Федэратыўнай Рэспублікі Германія. У Швецыі паміж Ютланганам і Лундам радыяцыя перавысіла дапушчальныя нормы прыкладна ў 15 разоў.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі