За фельчара, які зняўся ў стрыме Ціханоўскага, заступіліся 70 калег

Павел Палейчык — злева / vk.com
Павел Палейчык — злева / vk.com

У Лідзе звольнілі фельчара хуткай дапамогі Паўла Палейчыка, які ў траўні атрымаў 7 дзён арышту пасля ўдзелу ў стрыме відэаблогера Сяргея Ціханоўскага. Бальніца не падоўжыла з ім пяцігадовы кантракт, які заканчваецца 9 ліпеня.

— Пасля арышту на працы ўсё было як звычайна, а на мінулым тыдні мяне выклікалі ў аддзел кадраў і паведамілі, што звальняюць, — расказвае Еўрарадыё Павел Палейчык. — Я адразу не расказваў нікому, таму што хацеў асабіста пагутарыць з галоўным доктарам. Сёння мы пагаварылі і я пераканаўся, што дакладна звальняюць.

Звальненне не стала для Палейчыка нечаканасцю. Яшчэ ў траўні, пасля ўдзелу ў стрыме Сяргея Ціханоўскага, у маладога фельчара пачаліся праблемы з адміністрацыяй ЦРБ. Тады медработнік паскардзіўся на дэфіцыт машын хуткай дапамогі і сродкаў індывідуальнай аховы.

 

За фельдшера, который снялся в стриме Тихановского, заступились 70 коллег
Паведамленне аб непадаўжэнні кантракта / vk.com

Фельчар не сумняваецца, што прычынай звальнення стаў удзел у стрыме. Палейчык працуе на станцыі хуткай дапамогі Лідскай ЦРБ шэсць гадоў, за гэты час прэтэнзій да яго не было. Адзіную вымову за трохгадзінны прагул на фельчара склалі пасля таго, як Ціханоўскі апублікаваў сваё відэа. Павел тлумачыць, што ў той дзень яму трэба было звазіць бацьку ў паліклініку. Але прагулу не было: на працы яго падмяніў іншы супрацоўнік "хуткай".

— Нягледзячы на тое, што многія ў адпачынках і на бальнічных, і на тое, што ў цэлым не хапае фельчараў, мяне вырашылі звольніць, — працягвае Палейчык. — Мае калегі мяне вельмі падтрымліваюць, напісалі калектыўны ліст. Каля 70 чалавек падпісалася. Некаторыя, праўда, пабаяліся, падыходзілі да мяне і прасілі прабачэння. Перажываюць за рабочае месца, сям'ю.

 

За фельдшера, который снялся в стриме Тихановского, заступились 70 коллег
Калектыўны ліст / vk.com

У Лідскай ЦРБ працуе доктарам-рэаніматолагам жонка Палейчыка — ён непакоіцца, што ў яе таксама могуць пачацца праблемы. Пакуль што, па яго словах, усё нармальна.

Сам Павел яшчэ не вызначыўся, чым менавіта зоймецца пасля сыходу з працы. Магчыма, кажа ён, прыйдзецца адкласці дыплом аб медыцынскай адукацыі:

— Цяпер я актыўна дапамагаю ініцыятыўнай групе Святланы Ціханоўскай. Удзельнічаю ў пікетах, народ цяпер у горадзе актывізаваўся, многія прыходзяць падпісацца.

— Не страшна вам?

— Баюся, вядома, і за сябе, і за сям'ю. Страшна, што маё прозвішча ўжо "прагучала там", страшна, каб не падкінулі чаго-небудзь... Але вельмі спадзяюся, што адбудуцца перамены ў краіне. Таму пакуль буду змагацца, як магу.

 

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі