Вы тут

У Лагойску пачаўся суд над палітвязнем Уладзімірам Няронскім са Слуцка

Уладзімір Няронскі / spring96.org

12 студзеня ў Лагойску пачаўся суд над палітвязнем Уладзімірам Няронскім са Слуцка. Гэта першы суд па "справе Ціханоўскага", адзначае spring96.org.

Уладзімір Няронскі — аўтар YouTube-канала "Слуцк для жыцця". Ён кантактаваў з Сяргеем Ціханоўскім, у лютым 2020-га рабіў яму экскурсію па горадзе. Няронскага затрымалі 6 траўня 2020 года. Спачатку гэта быў адміністрацыйны арышт, які працягвалі новымі суткамі, а ў чэрвені ён стаў фігурантам крымінальнай справы.

Яго абвінавачваюць у "арганізацыі і падрыхтоўцы дзеянняў, што груба парушаюць грамадскі парадак, альбо ў актыўным удзеле ў іх" (ч. 1 арт. 342 КК) і ў "абразе прадстаўніка ўлады" (арт. 369). Суддзя — Аляксандр Рыбакоў. Няронскага прывезлі з жодзінскай турмы. На працэсе прысутнічае старшыня Слуцкага райвыканкама Андрэй Янчэўскі, якога ён нібыта абразіў у адным з відэаролікаў.

Палітвязня абвінавачваюць у тым, што ён разам з Ціханоўскім, праз YouTube і Telegram-каналы "Краіны для жыцця" арганізоўвалі па ўсёй краіне групавыя дзеянні, якія "груба парушалі грамадскі парадак". Няронскі заявіў, што цалкам прызнае віну ў абразе і гатовы публічна прынесці прабачэнні, а "змову з Ціханоўскім" і іншымі асобамі адмаўляе. Прызнае толькі, што публікаваў ролікі, у якіх эмацыйна выказваўся пра сітуацыю ў краіне.

"У маім ІЧУ цяпер няма ацяплення, — гаварыў у судзе палітвязень. — Мы голімся нагала, каб нас не заядалі вошы. Мяне ў Акрэсціна 3 дні трымалі ў спецыяльнай хаце, дзе мяне з'ядалі клапы. Мы ўжо коцімся ў бездань, так нельга".

Па словах Няронскага, з 152 дзён за кратамі 60 ён правёў у адзіночцы. За ўвесь час толькі 21 раз хадзіў у душ.

"Я не разумею, чаму ўсе (супрацоўнікі КДБ, следчыя) лічылі, што я правая рука Ціханоўскага, — працягваў палітвязень. — Яны хацелі ў мяне нешта выбіць, але я нічога не ведаў".

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.